Навука, сфера чалавечай дзейнасці, функцыяй якой з'яўляецца выпрацоўка і тэарэтычная сістэматызацыя ведаў пра рэчаіснасць; сістэма аб'ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці. Уключае як дзейнасць па атрыманню новых ведаў, так і яе вынік - суму ведаў, якія ляжаць у аснове навуковай карціны свету. Асноўныя мэты Н. - апісанне, вытлумачэнне і прадказанне працэсаў і з'яў рэчаіснасці на аснове тых законаў, якія яна адкрывае. Сістэма Н. умоўна падзяляецца на прыродазнаўчыя, гуманітарныя і тэхнічныя. Зарадзілася ў старажытным свеце. Як самастойная галіна дзейнасці пачала складвацца з 16-17 ст. і ў ходзе гістарычнага развіцця пераўтварылася ў важнейшы сацыяльны інстытут, які аказвае значны ўплыў на ўсе сферы грамадства і культуру ў цэлым. Аб'ём навуковай дзейнасці з 17 ст. павялічваецца прыблізна ўдвая кожныя 10-15 гадоў (рост колькасці адкрыццяў, навуковай інфармацыі, колькасці навуковых работнікаў). У развіцці Н. чаргуюцца экстэнсіўныя і рэвалюцыйныя перыяды - навуковыя рэвалюцыі, якія прыводзяць да змен яе структуры, метадаў пазнання, а таксама форм яе арганізацыі. Для Н. характэрна спалучэнне працэсаў яе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі, развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Першы навуковы часопіс «Філасофскія працы» (Англія) пачаў выходзіць у 1665. У 1800 выдавалася прыблізна 100 навуковых часопісаў, у 1965 - больш за 100 тысяч, а ў канцы 20 ст. - ужо каля 1 млн. У 20 ст. у Н. узмацніліся плюралізм (разнастайнасць поглядаў і падыходаў) і рэлятывізм (адноснаць, усведамленне ісціннасці тэорыі толькі ў межах пэўнай сістэмы каардынат). Узнікненне першых навуковых ідэй і таварыстваў ў Беларусі адносіцца да 16 ст. і звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага і інш. У 1579 заснаваны Віленскі ўніверсітэт, які быў навуковым цэнтрам Беларусі. У 17-18 ст. навуковыя даследаванні ў галіне астраноміі, геаграфіі, хіміі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі праводзілі Б.Дабшэвіч, С.Канарскі, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі, А.Скарульскі, І.Страйноўскі, С.Шадурскі і інш. На працягу 18-19 ст. прыкметную ролю ў развіцці і пашырэнні навуковых ведаў адыгралі Гарадзенская медыцынская акадэмія, Полацкая езуіцкая калегія, Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Паспяхова развівалася Н. у 1920-я г., калі былі створаны і актыўна дзейнічалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які ў 1929 быў пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Шмат навуковых дасягненняў было здзейнена беларускімі вучонымі ў другой палове 20 ст. У канцы 1990-х г. у Беларусі функцыянавала 287 навуковых устаноў і арганізацый (у т.л. 133 навукова-даследчыя інстытуты), у якіх працавала больш 40 тыс. навуковых работнікаў.

Паведаміць пра недакладнасьць