«Паток свядомасці», кірунак у літаратуры пераважна мадэрнісцкага зместу 20 ст., у якім непасрэдна апісваюцца душэўнае жыццё, асацыяцыі, перажыванні чалавека. Тэрмін «П.с.» увёў амерыканскі філосаф У.Джэймс, які лічыў, што свядомасць - гэта паток, рака, у якой думкі, адчуванні, спантанныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адзін аднаго і вычварна, «нелагічна» пераплятаюцца. Класічныя творы «П.с.» (раманы М.Пруста, Дж.Джойса, В.Вулф) вызначаюцца надзвычайнай увагай да суб'ектыўных перажыванняў герояў, парушэннем традыцыйнай апавядальнай структуры, змяшчэннем часавых планаў, незвычайнымі эксперыментамі і інш. Літаратура «П.с.» аказала ўплыў на многіх вядомых пісьменнікаў 20 ст. (Э.Хэмінгуэй, У.Фолкнер, А.Хакслі, Г.Грас, Г.Грын, Н.Сарот і інш.).