Пекінская опера, сінтэтычны жанр кітайскага тэатральнага мастацтва, які аб'ядноўвае ў адзінае гарманічнае цэлае музыку, спевы, дэкламацыю, харэаграфію, пантаміму, акрабатыку, нават баявыя мастацтвы. Звычайна падрыхтоўка займае шмат гадоў (дзеці пачынаюць займацца з 6-7 гадоў і прыблізна да 17-18 гадоў набываюць усе асноўныя навыкі). П.о. мае сімвалічны характар, бо многія дзеянні, жэсты вызначаюцца сімвалічнай накіраванасцю. Усе акцёры выступаюць у яркім рознакаляровым адзенні, грыме. Грым, адзенне, іх колеры вызначаюць сацыяльны статус, пол, узрост, эмацыянальны стан персанажаў, асаблівасці іх псіхалогіі і інш. Спектаклі ідуць у суправаджэнні невялікіх ансамбляў, у якіх выкарыстоўваюцца традыцыйныя народныя інструменты. У П.о. практычна поўнасцю адсутнічаюць дэкарацыі; выкарыстоўваецца мінімум тэатральнага рэквізіту.

Паведаміць пра недакладнасьць