Платон (428-347 гг. да н.э.), старажытнагрэчаскі філосаф, педагог. Быў вучнем Сакрата. Прыблізна ў 387 да н.э. заснаваў у Афінах т.зв. «Акадэмію» (філасофскую школу), галоўнай мэтай дзейнасці якой была падрыхтоўка будучых цароў-філосафаў. Стваральнік тэорыі аб'ектыўнага ідэалізму. У адпаведнасці з асноўнымі пастулатамі гэтай тэорыі, рэальна існуюць не пачуццёва ўспрымальныя рэчы, а ідэя як звышпачуццёвае быццё, якое можна спасцігнуць толькі розумам (таму вучэнне А. - ідэалізм); ідэі існуюць самі па сабе, незалежна ад усіх рэчаў, для якіх яны з'яўляюцца прычынай і ўзорам (таму вучэнне П. - аб'ектыўны ідэалізм). Бачыў асноўную прычыну крызісу сучаснага яму грамадства ў тым, што светам пачалі правіць «тыраны, якія не ўсведамлялі дасканаласці рэчаў» і не валодалі сапраўднай маральнасцю. Паводле вучэння П., увесь свет як бы падзяляецца на дзве часткі: звычайны паўсядзённы свет, што ўспрымаецца органамі пачуццяў, і нябачны свет ісцінных сутнасцей (асобных ідэй і Вечнай, Абсалютнай Ідэі, ці, інакш кажучы, Бога), які можа спасцігнуць толькі таленавіты чалавек-мастак у стане інтэлектуальнага ўздыму, творчага натхнення. Звычайны чалавек прызнае існаванне толькі першага, бачнага свету, у той час як філосаф-інтэлектуал, надзелены т.зв. «боскай іскрай», можа пранікнуць сваім унутраным поглядам у нябачную рэальнасць і спасцігнуць ісціну. Распрацаваў канцэпцыю т.зв. «платанічнага кахання», заснаванага не на фізічнай цязе, а на духоўным адзінстве, агульнасці); адным з першых расказаў пра існаванне Атлантыды. У найбольш знакамітай сваёй філасофскай працы «Дзяржава» (каля 375 да н.э.) П. у выглядзе выдуманага дыялогу з Сакратам апісаў сваё разуменне дасканалага грамадства, у якім кіруе адукаваны цар-філосаф, дзе забяспечаны дэмакратычныя свабоды, гуманныя, агульначалавечыя каштоўнасці. Акрамя правіцеляў-філосафаў, у такім грамадстве пражываюць прадстаўнікі яшчэ двух асноўных саслоўяў - воіны і работнікі (працаўнікі).