Попер Карл (1902-1994), ангельскі філосаф, сацыёлаг, логік, эканаміст. Займаўся выкладчыцкай працай у Новай Зеландыі. Прафесар Лонданскай школы эканомікі. Распрацаваў канцэпцыю «адкрытага» і «закрытага» грамадства. Гэтыя паняцці ён выкарыстоўваў для апісання культурна-гістарычных і палітычных сістэм, характэрных для асобных грамадстваў на розных этапах іх гістарычнага развіцця. Паводле П., адкрытае (або свабоднае) грамадства вызначаецца такімі рысамі, як дэмакратычнасць, крытычнасць, здольнасць даволі хутка мяняцца і прыстасоўвацца да абставін знешняга асяроддзя, рацыянальнае спасціжэнне рэчаіснасці, індывідуалізм. Адкрытыя сістэмы не баяцца абвяржэння сваіх фундаментальных ісцін, таму яны маюць немалыя шанцы на паспяховае эканамічнае і культурнае развіццё. Для закрытага грамадства, наадварот, уласцівы аўтарытарызм, дагматызм, кансерватызм, застыласць, амаль поўная нязменнасць у сферы грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця, а таксама магічнае мысленне, ірацыяналізм, калектывізм. На яго думку, закрытыя грамадствы з'яўляюцца нецярпімымі і неадчувальнымі да крытыкі, няздольнымі да прагрэсу; яны душаць любыя творчыя парывы, любыя спробы набыць духоўную незалежнасць, і ўрэшце рэшт гінуць з-за ўласнай акамянеласці. Сцвярджаў, што развіццё цывілізацыі ідзе ад закрытых да адкрытых грамадскіх сістэм. У якасці прыкладаў закрытых сістэм ён прыводзіў старажытную Спарту, Прусію, царскую Расею, нацысцкую Германію, Савецкі Саюз эпохі сталінізму, а адкрытых - старажытныя Афіны, краіны т. зв. «заходняй дэмакратыі». Паводле П., навука не павінна звысок ацэньваць уласны жыццёвы вопыт «звычайнага» чалавека. Сярод найбольш вядомых твораў П. - «Беднасць гістарызму» (1944), «Адкрытае грамадства і яго ворагі» (1945) і інш.