«Постіндустрыяльнае грамадства», абазначэнне новай стадыі грамадскага развіцця, якая пачала складвацца з другой паловы 20 ст. у развітых краінах свету. Тэрмін «П.г.» атрымаў пашырэнне з 1970-х г., пасля выхаду ў свет аднайменнай кнігі амерыканскага сацыёлага Д.Бэла. У іншых канцэпцыях называецца таксама «тэхнатроннае грамадства» (З.Бжэзінскі), «інфармацыйнае грамадства», «посткапіталістычнае грамадства». У П.г. на першы план выходзіць сфера паслуг, у якой цэнтральнае месца займаюць навука і адукацыя. У сацыяльнай структуры вядучая роля пераходзіць да вучоных і да прафесійных спецыялістаў. Тэарэтычныя веды служаць крыніцай новаўвядзенняў і фармавання палітыкі. Галоўнай сферай дзейнасці грамадства становіцца вытворчасць, размеркаванне і спажыванне інфармацыі.