Прэслі Элвіс (1935-1977), амерыканскі спявак, гітарыст, кінаакцёр. Лічыўся «каралём рок-н-рола», быў кумірам моладзі. Першыя запісы зрабіў у 1953. Яго называлі «белым, які спявае зусім як негр». Для амерыканскай публікі ён быў увасабленнем бунту супраць пурытанскага белага грамадства. Валодаў моцным, незвычайным «гіпнатычным» голасам. Запісваў не толькі класічныя рок- і поп-шлягеры, але нават і рэлігійныя гімны, калядныя балады. Здымаўся ў кінафільмах («Кахай мяне пяшчотна», «Турэмны рок», «На ўсе рукі майстар» і інш.). Яго першыя пласцінкі - «Усё ў парадку, мама», «Блакітны Месяц Кентукі», «Містычны цягнік» - выйшлі ў 1954-1955. З 1956 выступаў на тэлебачанні ў папулярных музычных шоў. Выканальніцкая манера П. вызначалася надзвычайнай энергічнасцю, наступальнай агрэсіўнасцю, харызматычнай прыцягальнасцю, экстравагантнай манерай паводзін на сцэне (напр., знакамітае вярчэнне сцёгнамі).

Паведаміць пра недакладнасьць