Пусэн Нікала (1594-1665), французскі жывапісец; заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік класіцызму ў выяўленчым мастацтве 17 ст. Вывучаў італьянскае мастацтва, займаўся анатоміяй і матэматыкай. Аддаваў перавагу розуму і рацыянальнаму спасціжэнню свету, і ў той жа час лічыў, што мэтай мастацтва павінна быць забеспячэнне эстэтычнага задавальнення чалавека. У яго працах пераважае ясны кампазіцыйны рытм, узвышаны лад вобразаў, эмацыянальнасць інтэнсіўнага каларыту, глыбіня філасофскага роздуму над вечнымі праблемамі быцця (напр., «Танкрэд і Эрмінія», 1630-я г.). Спачатку ў яго творчасці пераважалі творы на гістарычныя і рэлігійна-міфалагічныя тэмы, потым на пярэдні план выйшла тэма гармоніі чалавека і прыроды. П. развіваў прынцыпы «ідэальнага пейзажу», у адпаведнасці з якімі прырода з'яўляецца ўвасабленнем найвышэйшай дасканаласці і мэтазгоднасці (напр., карціны «Пейзаж з Арфеем і Эўрыдыкай», «Трыумф Флоры» і інш.). Яго асноўныя творы - «Венера і Адоніс», «Спячая Венера», «Вакханалія», дзе выяўлены вобраз дасканалага целам і духам чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць