Пушкін Аляксандар Сяргеевіч (1799-1837), расейскі паэт; родапачынальнік новай расейскай літаратуры, стваральнік сучаснай расейскай літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Першы верш надрукаваў у 1814. У ранняй лірыцы выявіліся рамантычныя, свабодалюбівыя матывы, адлюстраваны моцныя пачуцці, яркія страсці («Руслан і Людміла», 1820; «Каўказскі палоннік», 1820-1821; «Бахчысарайскі фантан», 1821-1823 і інш.). Для лепшых яго твораў уласцівы пераканаўчая рэалістычнасць, глыбіня спасціжэння фундаментальных праблем асобы і грамадства, рэльефнасць і сіла характараў, універсальнасць паэтычнага мыслення, вытанчанасць і лёгкасць верша (паэмы «Палтава», 1828; «Медны коннік», 1833; трагедыя «Барыс Гадуноў», 1824-1825; раман у вершах «Яўген Анегін», 1823-1831; раман «Капітанская дачка», 1836, і інш.). Асноўныя тэмы паэзіі П. - каханне, сяброўства, творчае прызванне, сэнс і апраўданне быцця, душэўнае выратаванне, маральнае ачышчэнне і да т.п. У 1836 пачаў выдаваць часопіс «Современник». Увёў у літаратурны слоўнік тэрмін «народнасць». Паводле П., Беларусь, беларусы з'яўляліся неад'емнай часткай Расейскай імперыі і расейскай народнасці, адным са «славянскіх ручаёў», тым «народом, издревле нам родным», за які ў зацятай барацьбе працяглы гістарычны перыяд змагаліся «кичливый лях» і «верный росс». П. пазнаёміў Расею з усімі эўрапейскімі літаратурнымі жанрамі і творчасцю асобных заходнеэўрапейскіх пісьменнікаў.