Рубінчык Валерый (н. 1940), беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў РФ (1998). Скончыў рэжысёрскі факультэт Беларускага тэатральнага інстытута (1962) і рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1969). Да 1992 на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе зняў фільмы «Магіла льва» (1972), «Вянок санетаў» (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Адступнік» (1987); тэлевізійныя фільмы «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Культпаход у тэатр» (1982), «Камедыя пра Лісістрату» (1989) і інш. З 1992 у Маскве, выкладчык Усерасейскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У Тэатры-студыі кінаакцёра паставіў «Камедыю пра Лісістрату» паводле Арыстафана (1985). Як акцёр зняўся ў тэлесерыяле «Прыгоды Тома Сойера і Гекльберы Фіна» (1981). Стварыў дакументальны фільм «Мастак Барыс Забораў» (1992). Для творчай манеры Р. ўласцівы пастаноўка складаных і вострых маральна-этычных і філасофскіх праблем, вастрыня калізій, сімвалічнасць, метафарычнасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку.

Паведаміць пра недакладнасьць