Рымейк (англ. remake), мастацкі фільм, які паўтарае сюжэт раней знятага фільма. Мэта Р. - выкарыстаць камерцыйна паспяховы сюжэт ў спалучэнні з новымі тэхнічнымі сродкамі для атрымання дадатковага прыбытку. Пасля завяршэння эры «вялікага нямога» з'явіліся гукавыя Р. нямых фільмаў. Мноства сюжэтаў (найперш экранізацый папулярных кніг) шматразова пераносіліся на экраны (напр., «Папялушка» - 100 разоў пачынаючы з 1898 г.; «Гамлет» - 74 разы; «Рабінзон Круза» - 44 разы, і інш.). У большасці выпадкаў Р. у мастацкіх адносінах саступаюць арыгіналам, аднак бываюць і асобныя выключэнні. Часам здымаюцца такія Р., якія паўтараюць практычна кожную сцэну арыгінала. У Галівудзе здымаецца шмат нізкамастацкіх Р. старых амерыканскіх і эўрапейскіх (пераважна французскіх) карцін.