Рэмбрант Харменс ван Рэйн (1606-1669), фламандскі мастак, жывапісец. Вучыўся ў Лейдэнскім універсітэце, пазней у майстра гістарычнага жывапісу П.Ластмана. У 1625-1631 трымаў уласную майстэрню ў Лейдэне. Яго творчасць з'яўляецца вяршыняй галандскага мастацтва 17 ст., адным з пікаў сусветнай мастацкай культуры. Лічыцца непераўзыйдзеным майстрам малюнка і афорта. У пэўным сэнсе мастацтва Рэмбранта займае як бы прамежкавае месца паміж барока і класіцызмам. Менавіта з імем Р. звязана ўзнікненне ў эўрапейскім жывапісе т.зв. «псіхалагізму» - схільнасці да спасціжэння і адэкватнага адлюстравання складанага ўнутранага свету чалавека (нярэдка разам з філасофскім асэнсаваннем быцця). Стварыў каля 600 карцін, амаль 300 афортаў і больш 1400 малюнкаў. Яго мастацкая спадчына надзвычай разнастайная: партрэты, пейзажы, нацюрморты, карціны на гістарычныя, біблейскія, міфалагічныя тэмы і інш. Напісаў серыю аўтапартрэтаў і партрэтаў сваіх сямейных. Сярод асноўных твораў Р. - групавыя партрэты («Начны дазор», 1642); рэлігійныя («Святое сямейства», 1645); міфалагічныя («Даная», 1636; тут паказана не толькі цялесная, але і духоўная прыгажосць, цеплыня інтымнага чалавечага пачуцця) сцэны. Вяршыня творчасці Р. - філасофска-псіхалагічны твор «Вяртанне блуднага сына» (1668-1669).