Сінтаізм (сінта; літар. «шлях багоў»), старажытная нацыянальная японская рэлігія. У С. няма заснавальніка, пантэона багоў, няма акрэсленага веравучэння, рэлігійных дактрын. Уяўляе сабой своеасаблівы комплекс рытуальных дзеянняў, стэрэатыпаў паводзін і мыслення, светаўспрымання. Пад уплывам будызму ў 8-9 ст. склаўся новы кірунак С. - «рёбу-сінта». Сінтаісцкія божаствы пачалі лічыцца ўвасабленнем будысцкіх; склаўся асобы пантэон сінтаісцкіх абагоўленых персанажаў, якія пачалі выяўляцца ў скульптуры і жывапісе (хаця ў традыцыйным С. божаствы лічыліся нябачнымі, а таму і нявыяўляемымі). Склаўся паступова на аснове дагістарычных, анімістычных уяўленняў насельнікаў Японскіх астравоў. Для С. ўласцівы такія адметныя рысы, як абагаўленне прыроды (адлюстравалася ў кульце божастваў сонца, месяца, грому) і т.зв. «камі» (нябачныя духі), культ продкаў. Для гэтых божастваў будаваліся спецыяльныя свяцілішчы, дзе часам маглі пражываць камі, праводзіліся адпаведныя святкаванні. Лічылася, што камі насяляюць рэкі, азёры, горы, даліны; заўсёды жывуць побач з людзьмі; паміж боскім светам камі і светам людзей практычна няма ніякіх межаў; душы памерлых продкаў таксама пераўтвараюцца ў камі; камі могуць стаць асобныя імператары, военачальнікі. Главой сінтаісцкага пантэону лічыцца багіня Сонца Аматэрасу; яе свяцілішча ў Ісэ з'яўляецца найбольш паважаным ва ўсёй Японіі.

Паведаміць пра недакладнасьць