Смолік Аляксандар (н. 1944), беларускі культуролаг, гісторык. Доктар культуралогіі (2000), кандыдат гістарычных навук (1973), прафесар (1999). Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.Горкага (1968). Працаваў дацэнтам у гэтым інстытуце, дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі (1979-1992). З 1992 прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Даследуе гісторыю Беларусі, тэорыю айчыннай і сусветнай культуры. На аснове структурнага аналізу ім вызначана сацыядынаміка культуры, сутнасць, асаблівасці, змест і дзейнасць сацыяльных інстытутаў посткатастрофнага грамадства. Распрацаваў канцэпцыю рэабілітацыйна-катарсіснага ўздзеяння на дэзадаптаваную асобу постакатастрофнага соцыуму мастацтва (музыкі, тэатра, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, літаратуры, харэаграфіі і інш.). Шэраг прац прысвечаны даследаванню працэсу разгортвання культуры этнасаў у часе і прасторы і ва ўзаемасувязі з сацыяльна-палітычнай арганізацыяй, сацыяльнымі ўзрушэннямі грамадства. Аўтар манаграфій «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» (1999), «Гісторыя і культура беларускіх татар» (2000; разам з І.Б.Канапацкім), «Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме» (1999), «Культура Беларусі ХІ-ХІХ стст.» (1998) і інш.