Татэмізм (на мове паўночнаамерыканскіх індзейцаў племені аджыбве «от-атэм» - літар. «яго род»), комплекс вераванняў, абрадаў і рытуалаў у першабытным грамадстве, звязаны з уяўленнем аб роднасці паміж групай людзей (родам, племенем, фратрыяй) і татэмам (пэўным відам жывёл, птушак, раслін, радзей з'явай прыроды і неадушаўлёнымі прадметамі. Упершыню Т. быў выяўлены і даследаваны ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, аднак класічнай краінай яго пашырэння традыцыйна называецца Аўстралія. Рэшткі Т. зафіксаваны ў мінулым і ў сучасны перыяд у розных народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Эўропы. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах - выявы татэмічных жывёл на сценах дамоў, на дэталях адзення; звычай урачыстага пахавання памерлых татэмаў (напр., кошак у Эгіпце, сланоў у Індыі); выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (скура, вушы, галава, пер'е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапрананняў у скуру жывёл падчас розных свят, абрадаў, рытуалаў і цырымоній; татэмічныя рытуальныя танцы; існаванне легендаў, паданняў, казак пра паходжанне рода, племені ад пэўных татэмаў. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі, раслінамі ў той перыяд, калі першабытны чалавек лічыў сябе непадзельнай часткай усёй прыроды; жаданне забяспечыць сябе ежай дадзенага віда жывёлы.

У беларусаў захавалася нямала народных легендаў і паданняў, прыкмет і павер'яў, у якіх заўважаюцца рэшткі старажытнага Т. У асобных беларускіх фальклорных творах адзначаецца, што ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў часам ператвараліся (пераважна па волі Бога) звычайныя людзі. Праявай татэмістычных уяўленняў людзей з'яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзь называецца «бацюхнай», «царом», «продкам», «апекуном», бусел - «братам», а воўк - «царыкам» і да т.п. У беларускім фальклоры сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў самай паважанай жывёлай у славянскіх народаў лясной часткі Эўропы. У Беларусі нават працяглы час захоўвалася язычніцкае свята татэмнага паходжання «Камаедзіца», якое праводзілася вясной у гонар прабуджэння мядзведзя ад зімовай спячкі. Пад час яго ўстройваліся танцы ў вывернутых кажухах, прычым танцавальныя рухі імітавалі паводзіны мядзведзя. Спецыфічнай формай праяўлення Т. з'яўляецца таксама звычай пераапранання ў скуру казы, мядзведзя падчас розных народных святаў і абрадаў (напр., Каляд).

Паведаміць пра недакладнасьць