Вуніяцтва (ад лац. unio - саюз, яднанне), царкоўная плынь, заснаваная на саюзе розных хрысціянскіх цэркваў з рымска-каталіцкай царквой ва ўмовах прызнання вяршэнства Папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцый рэлігійнага культу і выкарыстанні адпаведна традыцый сакральнай ці народнай мовы ў богаслужэнні. Да В. належаць цэрквы грэчаскага (б. Праваслаўнага), армянскага, копцкага (у Эгіпце), мараніцкага (у Ліване і Сірыі) і інш. абрадаў. У Беларусі В. пачало распаўсюджвацца пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай вуніі 1596. У 17-18 ст. стала масавай рэлігіяй, якая ахоплівала да 75-80% мясцовага насельніцтва. Было забаронена Полацкім царкоўным саборам 1839. У 20 ст. ў Заходняй Беларусі аднавілася некалькі вуніяцкіх місій. Прадстаўнікі В. выкарыстоўвалі ў набажэнствах беларускую мову, выдавалі па-беларуску богаслужбовыя, рэлігійныя кнігі. У пасляваенны час беларускія вуніяцкія структуры існавалі толькі ў краінах Захаду. З канца 1980-х - пачатку 1990-х г. В. пачало адраджацца ў Беларусі. У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў для беларускіх вуніятаў беларускамоўную версію літургічных тэкстаў. У 1990-1995 выдаваўся часопіс «Унія». На 01.01.2001 у Беларусі зарэгістравана 13 вуніяцкіх суполак.

Паведаміць пра недакладнасьць