Фотамастацтва, від мастацтва, творы якога ствараюцца тэхнічнымі выяўленчымі сродкамі фатаграфіі. З'яўляецца першым з відаў мастацтва, якія ўзніклі дзякуючы навейшай тэхніцы і поспехам навук (фізіка, хімія, оптыка). Вынаходнік фатаграфіі француз Ж.Дагер (1839) быў мастаком і намеціў асноўныя жанры Ф. - пейзаж, партрэт, нацюрморт. У другой палове 19 - пачатку 20 ст. пачала развівацца геаграфічная, этнаграфічная, батальная, рэпартажная фатаграфія. У Беларусі фатаграфія і Ф. вядомы з 1860-х г. (фотамайстэрні ў Менску, Віцебску, Горадні, Магілеве і інш.). Беларускія фатографы ўдзельнічалі ў ілюстраванні шматтомных выданняў «Расея», энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. У 1894 выдадзены альбом «Белавежская пушча». Сярод майстроў Ф. 19 - пачатку 20 ст. вылучаліся А.Прушынскі, А.Чаховіч, В.Барэця, Я.Балукевіч, Я.Булгак і інш. У першай палове 20 ст. шырока распаўсюдзіўся рэпартаж (напр., рэпартажы перыяду Другой сусветнай вайны). У 1959 створана 1-е творчае аб'яднанне і адбылася 1-я пасляваенная рэспубліканская выстаўка мастацкай фатаграіі. Беларускія майстры Ф. ўдзельнічаюць у міжнародных, нацыянальных і міжклубных фотавыстаўках. Адбыліся персанальныя выстаўкі М.Байцова, В.Ганчарэнкі, В.Ждановіча, А.Дудкіна, Ю.Іванова, Я.Казюлі, Я.Коктыша, З.Пазняка, У.Шубы і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць