Фром Эрых (1900-1980), нямецка-амерыканскі філосаф, сацыяльны псіхолаг; прадстаўнік неафрэйдызму. Скончыў Гейдэльбергскі ўніверсітэт, атрымаў ступень доктара філасофіі (1922). Вучыўся ў Берлінскім псіхааналітычным інстытуце (1923-1924). У 1929-1932 супрацоўнік Інстытута сацыяльных даследаванняў у Франкфурце-на-Майне. Пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў эміграваў у ЗША. Выкладаў у Інстытуце псіхааналізу ў Чыкага, у Калумбійскім, Йельскім, Мічыганскім універсітэтах. У 1951-1967 жыў у Мексіцы, быў прафесарам псіхіятрыі Нацыянальнага ўніверсітэта ў Мехіка. У 1974 перасяліўся ў Швейцарыю. Паводле Ф., асоба з'яўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяння паміж прыроджанымі патрэбнасцямі і ўплывам культуры, сацыяльных норм і прадпісанняў. Лічыў, што ў кожнага чалавека ёсць свая нязменная сутнасць, якая захоўваецца як ядро ва ўсіх культурах і гістарычных абставінах. Адзначаў, што неад'емнай рысай чалавечага існавання ў сучасным «хворым» грамадстве з'яўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэнне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Ф. раскрыў некалькі шляхоў, якія выкарыстоўваюцца людзьмі для пераадолення гэтых пачуццяў, «уцёкаў ад свабоды»: аўтарытарызм (празмерная залежнасць ад знешніх сіл і бездапаможнасць або дамінаванне і кантроль над другімі людзьмі), дэструктыўнасць (пераадоленне пачуцця непаўнацэннасці праз знішчэнне або пакарэнне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасці, абсалютнае падпарадкаванне сацыяльным нормам і правілам). На яго думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадства ляжыць праз маральнае абнаўленне, творчую працу, духоўнае ачышчэнне чалавека, паглыбленне яго здольнасці да любові ў шырокім сэнсе слова. Распрацаваў канцэпцыю «сацыяльнага характару», пад якім разумеў ядро структуры характару, уласцівае большасці прадстаўнікоў пэўнай культуры. Адрозніваў асноўныя сацыяльныя тыпы характару: 1) рэцэптыўны (пасіўнасць, спадзяванне на дапамогу іншых людзей, даверлівасць); 2) эксплуатуючы (эгацэнтрызм, выжыванне за кошт другіх, агрэсіўнасць); 3) накапляльны (жаданне авалодаць як мага большай колькасцю матэрыяльных даброт, улады і любові, кансерватыўнасць, падазронасць); 4) рыначны (уяўленне пра асобу як тавар, неразборлівасць у сродках дасягнення мэты, духоўная апустошанасць); 5) прадуктыўны (незалежнасць, здольнасць да творчага мыслення, да шчырай любові, адказнай працы). Людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласці ў будучым дасканалае грамадства, якое Ф. называў «гуманістычным абшчынным сацыялізмам». Асноўныя працы - «Уцёкі ад свабоды» (1941), «Чалавек для сябе» (1947), «Псіхааналіз і рэлігія» (1950), «Забытая мова (1951), «Здаровае грамадства» (1955), «Мастацтва любові» (1956), «Анатомія чалавечай дэструктыўнасці» (1973) і інш. У 1986 у ФРГ (г. Цюбінген) заснавана Міжнароднае таварыства Ф.