Фуко Мішэль (1926-1984), французскі філосаф, культуролаг, гісторык культуры. Атрымаў адукацыю ў Сарбоне, вывучаў псіхалогію і філасофію ў Лільскім універсітэце. Выкладаў у розных французскіх універсітэтах. З 1970 - на кафедры гісторыі сістэм мыслення ў Калеж дэ Франс. Працы па праблемах вар'яцтва, медыцыны, сексуальнасці, турмах і інш. Першая кніга - «Разумовая хвароба і асоба». Аўтар прац «Вар'яцтва і цывілізацыя», «Дысцыплінаваць і наказваць» (1975) і інш. У кнізе «Гісторыя вар'яцтва ў класічную эпоху» (1961) сцвярджаў, што ў «эпоху розуму» (канец 17-18 ст.) узнікла новае разуменне вар'яцтва, калі хворых людзей пачалі заключаць у бальніцы, будаваць дамы для звар'яцелых, рыхтаваць лекараў новай спецыяльнасці. У кнізе «Нараджэнне клінікі» (1963) разглядаецца праблема ўзнікнення клінічнай медыцыны ў перыяд Вялікай Французскай рэвалюцыі. Галоўная праца Ф. - «Словы і рэчы» (1966) - прысвечана даследаванню гуманітарных навук і тых структур мыслення, якія ім папярэднічалі. Аўтар кнігі «Археалогія ведаў» (1969), у якой зроблена спроба апісаць новую метадалогію. У трохтомнай працы па гісторыі сексуальнасці Ф. зрабіў выснову пра тое, што віктарыянская эпоха была апантана сексам, аднак грамадствам дапускаліся толькі пэўныя формы адпаведнага дыскурсу. Погляды Ф. вызначаліся халізмам, г.зн. бачаннем сістэмы ведаў як звязанага цэлага, а не сукупнасці асобных адзінак, а таксама асаблівай увагай да слоў, сувязей паміж выказваннямі і адначасова імкненнем да выяўлення глыбінных структур дыскурсу.

Паведаміць пра недакладнасьць