Хрысціянская культура, адмысловы тып культуры, уласцівы асобным людзям і цэлым народам, якія вызнаюць хрысціянства. Склалася ў эпоху Сярэднявечча спачатку ў тых краінах, якія першымі прынялі хрысціянскую веру (Візантыйская імперыя, Ірландыя, Францыя, пазней Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа). У той ці іншай форме Х.к. існуе практычна на ўсіх кантынентах. Заснавана на галоўных прыкметах і каштоўнасцях хрысціянскай рэлігіі: монатэістычная вера ў адзінага ўсемагутнага Бога, уяўленне пра стварэнне чалавека па вобразу і падабенству Божаму, пра яго грахоўнасць, пра неабходнасць выратавання чалавечай душы і да т.п. Для Х.к. уласціва даволі паспяховае і высокае развіццё архітэктуры, рэлігійнай літаратуры і філасофіі, тэалогіі, выяўленчага мастацтва, музыкі. На беларускіх землях Х.к. пачала складвацца пасля пранікнення сюды хрысціянства (канец 10 - пачатак 11 ст.). Хрысціянства спрычынілася да развіцця архітэктуры, ці дойлідства (тут пачалі ўзводзіць замест драўляных мураваныя храмы, палацы, замкі). У галіне выяўленчага мастацтва ўзнікла і атрымала развіццё іканаграфія, фрэскавае мастацтва і мазаіка, музыка ўзбагацілася рэлігійнымі мелодыямі, заснаванымі на візантыйскіх і рымскіх музычных традыцыях.

Паведаміць пра недакладнасьць