Цітоў Віктар (н. 1938), беларускі гісторык, этнолаг, фалькларыст. Доктар гістарычных навук (1991), прафесар (1995). Скончыў Магілеўскі педагагічны інстытут (1963). Выкладаў у Гарадзенскім педагагічным інстытуце, працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1977-1993). З 1993 загадчык кафедры этналогіі і музеязнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры, з 1998 - кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта. Даследуе праблемы этнічнай гісторыі і этнаграфіі, нацыянальных узаемаадносін, музеязнаўства і аховы гісторыка-культурных помнікаў, традыцыйную бытавую культуру беларусаў, народныя звычаі і абрады. Аўтар фундаментальных прац «Гісторыка-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў: 19 - пачатак 20 ст.» (1983), «Народная спадчына: Гістарычныя шляхі і этнакультурныя стасункі» (1994), «Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі» (1996; 2-е выд. 2001) і інш. Адзін з аўтараў калектыўных манаграфій «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1989), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Беларусы: У 8 т. Т. 1 (1995), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: У 6 т. Т. 1. (2001). Навуковы рэдактар і адзін з аўтараў энцыклапедычнага даведніка «Народная культура Беларусі» (2002). Удзельнічаў у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі» (2002). З'яўляецца сябрам Міжнароднай арганізацыі «Народная творчасць» пры ЮНЕСКА.

Паведаміць пра недакладнасьць