Шпенглер Освальд (1880-1936), нямецкі філосаф, гісторык; культуролаг, прадстаўнік філасофіі жыцця. Вывучаў філасофію, гісторыю, матэматыку і мастацтва ў Берлінскім і Мюнхенскім універсітэтах. Працаваў настаўнікам у Гамбургу, выкладчыкам матэматыкі ў Мюнхене. Разглядаў культуру як замкнёны арганізм, які ў сваім развіцці праходзіць усе асноўныя стадыі жыццёвага цыклу - нараджэнне, росквіт, заняпад. Лічыў, што поўны цыкл культура праходзіць прыблізна за адно тысячагоддзе. Пасля гэтага яна выраджаецца ў сваю супрацьлегласць - цывілізацыю, дзе пануе голы тэхніцызм, бяздушнасць, а на змену творчасці і развіцця прыходзяць бясплоддзе і акасцяненне; людзі паступова ператвараюцца ў бязлікія істоты. Паводле Ш., няма агульначалавечай культуры, а ёсць нацыянальна непаўторныя культуры асобных народаў і рэгіёнаў, якія дамінуюць у пэўныя гістарычныя эпохі. На яго думку, цывілізацыя - гэта этап заняпаду культуры, яе няўхільнага старэння. Асноўны твор - «Закат Эўропы» (Т. 1-2; 1918-1922). Разглядаў гісторыю як своеасаблівы калейдаскоп з васьмі «арганічных» культурна-гістарычных тыпаў (ці культур): эгіпецкай, індыйскай, вавілонскай, кітайскай, апалонаўскай (грэка-рымскай), магічнай (візантыйска-арабскай), фаўстаўскай (заходнеэўрапейскай) і культуры майя. Сярод іншых значных работ Ш. - «Чалавек і тэхніка» (1931), «Годы рашэнняў» (1933) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць