Шы-Цзін (літар. «Кніга песень»), зборнік старажытнакітайскай паэзіі. Створаны прыблізна ў перыяд паміж 11 і 6 ст. да н.э. У яго ўваходзіць 305 паэтычных твораў, сярод якіх культавыя гімны, песні-заклінанні татэмаў, каляндарна-абрадавыя вершы, эпічныя, працоўныя песні, а таксама песні ў гонар продкаў і мясцовых правіцеляў, лірычныя творы і інш. У кітайскіх школах навучэнцы вывучалі асобныя песні з гэтай кнігі. «Ш.-Ц.» увайшоў у канон канфуцыянскага вучэння.