Багдановіч Глеб (1913, Вільня - 1957, Радашкавічы?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, доктар мэдыцыны. Удзельнік дэсанту батальёну «Дальвіц» у лістападзе 1944 на Віленшчыну.

Сын сэнатара Вячаслава Багдановіча, расстралянага бальшавікамі ў Вялейцы ў 1941. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні. Пад час нямецкай акупацыі Б. спачатку працаваў доктарам у Івянцы. Удзельнічаў у падпольным руху, быў сябрам БНП. З траўня 1944 - афіцэр БКА. Зь ліпеня 1944 Б. знаходзіўся ў беларускім дэсантным батальёне «Дальвіц». 17.11.1944 у складзе 28-асабовай групы дэсантаваўся на Віленшчыне. Разам зь некалькімі дэсантнікамі трапіў у акаўскі аддзел «Комара». Зь вясны 1945 хаваўся ў вёсках, а ў чэрвені 1945 з акаўскай групай «Лялюся» з боем прарваўся ў Польшчу.

Б. жыў і працаваў доктарам на Беласточчыне, удзельнічаў у падпольным руху. Быў прызваны ў польскае войска, у ранзе паручніка служыў старшым палкавым доктарам. 14.04.1949 Б. быў арыштаваны польскай УБ ды дэпартаваны ў СССР.

Зьняволеньне Б. адбываў у Варкуце. Васіль Супрун успамінае: «У лягерох Багдановіча звалі «доктар Глебка». Вельмі шырокай эрудыцыі чалавек, і як мэдык, і як палітык, і як дыплямат...». Пасьля вяртаньня ў Беларусь жыў у Радашкавічах, працаваў доктарам, але хутка памёр.

Кр.: 1. Успаміны Васіля Супруна (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Семашко Е. Коршуны из Дальвица // Семь дней. 1994, № 28 (236), ліпень; 3. Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 217-218; 4. Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 148.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць