Качэрга Юзаф (27.09.1930, в. Качэргі Мядзельскага р-ну Менскай вобл.; цяпер жыве ў Шчэціне, Польшча), удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне ў 1948-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і паважанага ў роднай вёсцы земляроба і рыбака. Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, дзе вылучаўся спакойным характарам і працавітасьцю. Там жа пазнаёміўся з Расьціславам Лапіцкім і пад яго ўплывам актыўна ўключыўся ў антыкамуністычны рух. Удзельнічаў у сходах падпольшчыкаў, у друкаваньні і распаўсюджваньні ўлётак з заклікамі аказваць супраціў прымусовай калектывізацыі, змагацца супраць камуністычнага рэжыму. 14.02.1950 арыштаваны ў школе на ўроку, празь некалькі дзён утрыманьня ў склепе-вязьніцы мядзельскай міліцыі перавезены ў турму ў Маладэчне. Пры ператрусе ў бацькоўскай хаце знойдзена пішучая машынка і запас выбуховых рэчываў. У часе допыту (сьледчы Пахомаў) жорстка зьбіваўся (выбіта некалькі зубоў і зламаныя рэбры), катаваўся халоднай кропельніцай. 20.07.1950, разам зь іншымі ўдзельнікамі мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага руху, асуджаны судам ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Тэрмін адбываў у Карлагу каля г. Тэмір-Таў (Казахстан).

Пасьля суду над Юзафам была звольнена з працы ягоная сястра, а ў 1953 г. і бацька быў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня. Пасьля сьмерці Сталіна яны былі вызваленыя.

У 1956 сям'і было прапанавана выехаць у Польшчу і ў сувязі з гэтым абяцалася вызваліць са зьняволеньня сына. Ю.Качэрга вярнуўся летам 1956 на Мядзельшчыну, а восеньню таго ж году разам з бацькамі і сёстрамі выехаў у Польшчу.

Антон Мелец

Паведаміць пра недакладнасьць