Мядзелец Васіль (1928, в. Ружанпольле Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Быў адным з заснавальнікаў і старшынём Глыбоцкай групы гэтага вучнёўскага асяродку. Вязень ГУЛАГу.

Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай вясковай школе. Да прыходу Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 зьмяніў такіх тры. Са шкалярскіх часоў М. пачаў усьведамляць сябе беларусам: «Як ні дзіўна, але якраз школа зь яе ваяўнічай, надакучлівай пальшчызнай дала мне, як і іншым вучням, першыя ўрокі нацыянальнага пачуцьця. Настаўнікі патрабавалі, каб мы «мувілі» толькі на «гжэчнай» польскай мове, пазьбягаючы ўжываць «тутэйшыя» брыдкія словы. Тым самым абуджалі ў нас пратэст на такі гвалт», - узгадвае М. [2, 27].

«Прыход Чырвонай Арміі, як яго ўспрымаў я, як успрымала бальшыня нашых людзей, быў падобны да вясельля, шумнага сьвята. Але войскі прыйшлі, сьвята скончылася. Пачыналіся будні. На вёску рушылі розныя ўпаўнаважаныя, агітатары. У крамах неяк дужа хутка пачалі зьнікаць самыя ходкія, патрэбныя тавары, што дагэтуль былі невыводныя. Папаўзьлі страхавітыя чуткі, што некага арыштавалі, некага вывезьлі», - кажа М. [2, 27].

Пад час нямецкай акупацыі М. працягваў вучобу ў Янзенскай школе, якая дзякуючы мясцовым энтузіястам беларусам-патрыётам была адкрытая ўвосень 1941. Дырэктарам быў вядомы ў беларускім асяродку яшчэ з польскіх часоў Ігнат Мятла. «У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых і пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ пад час вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Янзе школы не было», - прыгадвае М. [2, 31-32].

Па вызваленьні Беларусі ад немцаў М. паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную навучальню. Пад час вучобы яго абралі сакратаром утворанай камсамольскай арганізацыі. «У нас не было выбару. У адказ на сваю незгаворлівасьць пачулі празрысты намёк: ня могуць быць сапраўдныя савецкія настаўнікі з тых, хто не дарос быць у шэрагах перадавога атраду моладзі. А мы настаўнікамі хацелі быць», - кажа М. [2, 33].

Разам з блізкімі сябрамі Антонам Фурсам, Лявом Бялевічам і Алесем Юршэвічам М. бярэ ўдзел у стварэньні вучнёўскага падпольнага патрыятычнага гуртка ў Глыбоцкай пэднавучальні. З часу ўтварэньня гэтага асяродку М. робіцца яго старшынём. «Нас займала вучоба, але ня толькі адна яна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у пэднавучальні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка - я, Фурс і Юршэвіч - прыходзяць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна, паўстала пытаньне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасьць - першаму, як кажуць, чарка, але першаму й палка», - узгадвае М. [2, 25].

Па выкрыцьці СБП пачаліся арышты. М. адным зь першым быў арыштаваны органамі МГБ у лютым 1947, і як адзін з заснавальнікаў, асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да сьмяротнага пакараньня, якое потым замянілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля знаходжаньня ў аршанскай, затым іркуцкай перасылачных турмах М. трапіў у Нарыльск, дзе адбываў тэрмін на Нарыльскім медна-нікелевым камбінаце. М. быў вызвалены датэрмінова, улетку 1956. Па вызваленьні нейкі час жыў у Беларусі, але досыць хутка мусіў зноў выехаць у Нарыльск.

«Хоць і пісалася, і гаварылася, што сталінскія беззаконьні партыя асудзіла, але па ўсіх пастох як сядзелі сталінцы, так і засталіся сядзець. Мясцовая ўлада дала нам выразна зразумець, што мы са сваімі дакумэнтамі колішніх палітычных - асобы непажаданыя», - кажа М. [2, 52].

У Нарыльску М. скончыў горна-мэталюргічны інстытут ды ўладкаваўся на працу ў «Нарыльскраммантаж». У 1985 ён разам з жонкай пераехаў у Беларусь на сталае месца жыхарства. У гады дэмакратызацыі спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця. М. браў удзел у напісаньні ўспамінаў для кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Рэабілітаваны. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Полацку.

Кр.: 1. ANH, F-3.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 23-55, 66, 68, 70, 71, 159, 161-163, 164, 167, 185, 193, 194, 224, 159, 283, 284, 297, 298, 306, 307, 329, 330, 334, 340.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць