Армія Краёва (у Беларусі), узброеная падпольная арганізацыя, якая ставіла мэту аднаўленьня Польшчы ў межах да верасьня 1939.

Пасьля верасьнёўскіх падзеяў 1939 за межамі Польшчы быў створаны польскі эміграцыйны ўрад на чале з генэралам Уладзіславам Сікорскім, які ажыцьцяўляў кіраўніцтва дзейнасьцю падпольных ваенных арганізацый на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы, у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Да канца чэрвеня 1941 урад Сікорскага і падначаленыя яму падпольныя ваенныя арганізацыі Галоўнага камандаваньня Саюзу Ўзброенай Барацьбы (СУБ) знаходзіліся ў стане вайны як з Германіяй, так і СССР. У сувязі з гэтым урад Сікорскага не прызнаваў законнасьці дамоваў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, а таксама ўключэньне терыторый Заходняй Беларусі, Віленшчыны і Заходняй Украіны ў склад СССР. Адпаведна з гэтым будавалася ідзейнасьць арганізацый і групаў, якія падпарадкоўваліся ўраду Сікорскага. Пасьля таго як 17.09.1939 войскі Чырвонай Арміі перайшлі ўсходнюю мяжу Польшчы, СССР у прапагандзе польскага супраціўленьня падаваўся як акупант нумар два, хаўрусьнік Трэцяга Райху.

Органы дзяржаўнай бясьпекі СССР і БССР вялі актыўную барацьбу з польскім падпольлем. Паводле зьвестак НКВД БССР за пэрыяд з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 у заходніх абласьцях БССР было выяўлена і ліквідавана 109 розных паўстанцкіх арганізацый, якія аб'ядноўвалі 3221 удзельніка, зь якіх: 2904 палякі, 184 беларусы, 37 летувісы і 106 чалавек іншых нацыянальнасьцяў. Адначасова вялася кампанія па высяленьні ў Сібір, Казахстан і інш. аддаленыя раёны краіны з заходніх абласьцей Беларусі асаднікаў, служачых лясной аховы, польскіх афіцэраў, паліцэйскіх, служачых дзяржаўных устаноў, землеўласьнікаў, прадпрымальнікаў і г.д. У выніку дзейнасьці органаў бясьпекі і зьнешняй разьведкі СССР, якія, дарэчы, у пытаньнях барацьбы з польскім падпольлем нават кантактавалі зь нямецкімі спэцслужбамі (пра гэта згадваюць у сваіх успамінах М.Хрушчоў і польскі генэрал, кіраўнік СУБ Т.Бур-Камароўскі), польскаму падпольлю на тэрыторыі Беларусі, у асноўным актыўнай яго частцы, былі нанесены пэўныя страты.

Напад Нямеччыны на СССР зьмяніў сытуацыю ў Эўропе. Польская эміграцыя (асабліва эндэкі і правыя сацыялісты) разьлічвалі, што ў такіх умовах СССР пойдзе на ўступкі адносна ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы. Так, Бюро інфармацыі і прапаганды (БІП) Саюзу Ўзброенай Барацьбы, калі стала вядома, што пачалася нямецка-савецкая вайна, адзначала ў сваім «Інфармацыйным бюлетэні»: «У адносінах да абодвух ворагаў палякі павінны захоўваць бязьлітасную варожасьць. Не павінны аказваць дапамогу ніводнаму з бакоў, а ў далейшым абавязаныя перамагчы абодвух ворагаў» [2].

12.07.1941 у Маскве было падпісана першае афіцыйнае англа-савецкае пагадненьне, у якім урады абедзьвюх краін абавязваліся аказваць узаемную дапамогу ў вайне і не заключаць сэпаратнага міру ці перамір'я. Зразумела, што ў гэтых умовах таксама павінен быў вызначыць сваю пазыцыю эміграцыйны польскі ўрад, які ў гэты час ужо знаходзіўся ў Англіі. 30.07.1941 была падпісаная дамова паміж СССР і Польшчай аб устанаўленьні дыпляматычных адносін і аб супрацоўніцтве ў вайне. У першым пункце пагадненьня адзначалася: СССР прызнае, што нямецка-савецкая дамоўленасьць 1939 адносна тэрытарыяльных зьменаў у Польшчы страціла сілу. Такая фармулёка, аднак, давала магчымасьць для рознай яе інтэрпрэтацыі, што адразу выклікала ўрадавы крызыс. У знак пратэсту супраць падпісаньня дамовы без дакладнага вырашэньня пытаньня аб Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі ў адстаўку падалі міністра замежных спраў А.Залескі, міністра юстыцыі М.Сейда, дзяржаўны міністра па справах Польшчы і галоўнакамандуючы СУБ К.Саснкоўскі. Тым ня менш, нягледзячы на гэта і нэгатыўнае стаўленьне да дамовы прэзыдэнта Ў.Рачкевіча, яна ўвайшла ў сілу.

Неабходна адзначыць, што ўрад Сікорскага і Галоўнае камандаваньне СУБ у Варшаве зь першых дзён акупацыі Беларусі шырока выкарыстоўвалі ўмовы, якія склаліся, дзеля ўмацаваньня сваіх пазыцый на ўсходніх тэрыторыях былой Польшчы. Сьледам за нямецкімі войскамі ў Беларусь пацягнуліся польскія даваенныя чыноўнікі з Заходняй Беларусі і розныя дзеячы з цэнтральных раёнаў Польшчы, іншых краінаў. Многія зь іх добра валодалі нямецкай мовай, мелі рэпутацыю пакрыўджаных савецкай уладай. Сярод іх было шмат людзей, зьвязаных з эмігранцкім урадам. Неўзабаве, як сьведчаць нямецкія, польскія, савецкія крыніцы, палякі атрымалі значны ўплыў у кіраўніцтве мясцовымі дапаможнымі органамі акупацыйнага нямецкага апарату: гарадзкімі, раённымі (павятовымі) управамі Заходняй Беларусі, мясцовай дапаможнай паліцыяй.

Аднак, акрамя палякаў на гэтыя пасады прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі беларускай эміграцыі, якія, як і палякі, разьлічвалі выкарыстаць пасады ў дапаможнай адміністрацыі як сродак легальнай барацьбы за свае інтарэсы, як пляцдарм у змаганьні за палітычны ўплыў сярод насельніцтва. Таму непазьбежна ўзьнікаў востры канфлікт паміж польскімі і беларускімі нацыяналістамі. Апошнія былі перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля. Пачалася жорсткая адкрытая і патаемная барацьба на вынішчэньне адзін аднаго як асабістымі рукамі, так і з дапамогай немцаў.

У лютым 1942 на базе Саюзу Ўзброенай Барацьбы загадам Сікорскага была ўтворана польская падпольная ваенная арганізацыя Армія Краёва, у якую ўвайшлі раней створаныя арганізацыі, што падтрымлівалі лёнданскі эміграцыйны ўрад. Зыходзячы з указаньняў і інструкцыяў лёнданскага ўраду, кіраўніцтва АК правяло вялікую працу па стварэньні структуры падпольнай ваеннай арганізацыі, здабыцьці зброі, ваеннай падрыхтоўкі, палітычным забесьпячэньні, выведкі і г.д. Камандаваньне АК і падпольны ўрад мелі ў сваім распараджэньні ўзброеныя аддзелы, склады зброі і боепрыпасаў, радыёперадатчыкі, падпольныя друкарні, а таксама значныя грашовыя сродкі.

Уся тэрыторыя Польшчы, уключаючы і заходнія вобласьці Беларусі і Ўкраіны, была падзелена на абшары на чале з камандуючымі абшараў (дэлегатамі ўраду). Вакол дэлегатаў стараліся дэлегатуры з прыцягненьнем у яе мясцовых палітычных партый і арганізацый, якія прытрымліваліся палітыкі лёнданскага ўраду. Абшары падзяляліся на акругі, якія ўзначальваліся камэндантамі, акругі на інспэктараты, а апошнія на абводы. Найменшую арганізацыйную і ваенную адзінку ўтварала дружына, якая камплектавалася зь дзьвюх-трох вёсак. Дружыны аб'ядноўваліся ва ўзводы (плютоны), а 2-3 узводы ў роту (кампанію). На тэрыторыі Беларусі існавалі тры акругі: Наваградак, Палесьсе (Берасьце над Бугам) і Вільня, а таксама інспэктарат Горадня, якія падпарадкоўваліся абшару АК Беласток.

Як адзначаецца ў трэцім томе фундамэнтальнай працы польскіх ваенных гісторыкаў «Польскі ўзброены чын у другой сусьветнай вайне», структура СУБ-АК была перш за ўсё скіраваная на падрыхтоўку ўзброеннага паўстаньня і таму ня ў поўнай меры адпавядала бягучым патрэбам барацьбы з акупантам. Для дасягненьня галоўнай мэты трэба было прайсьці праз тры этапы: фармаваньне сілаў у падпольлі; агульнае паўстаньне ці ўзброенная барацьба з мэтай захопу цэнтральнай Польшчы; аднаўленьне ўзброеных сілаў [5: 236].

Дасьледаваньні паказваюць, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкае і польскае падпольле пэўны час суіснавалі даволі мірна, часам падтрымлівалі саюзьніцкія адносіны: абменьваліся інфармацыяй аб абстаноўцы на франтох вайны, а таксама аб становішчы ў сваіх раёнах дзеяньня, дамаўляліся аб сумесных дзеяньнях пад час карных экспэдыцый гітлерцаў і г.д. Так, створаны вясной 1943 у раёне возера Нарач аддзел падхаружага «Кміціца» Антона Бужынскага ўдзельнічаў у баявых апэрацыях разам з партызанскай брыгадай, якой кіраваў Фёдар Маркаў. Разам яны правялі шэраг апэрацый па разгроме фашысцкіх гарнізонаў. Аднак асноўная частка польскага падпольля падтрымлівала і выконвала ўказаньні і ўстаноўкі Лёндану і Варшавы.

Але сама хада падзеяў рабіла непазьбежным канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі - на мясцовым ўзроўні дзейнічалі фактары барацьбы за сфэры ўплыву, пытаньні забесьпячэньня прадуктамі, харчаваньнем, зброяй і г.д. Аднак галоўным было пытаньне аб савецка-польскай граніцы і адносінах да нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Трэба адзначыць, што пазыцыя польскага ўраду не зьмянілася і пасьля таго, як саюзьнікі дамовіліся на міжнародным ўзроўні аб усходняй граніцы Польшчы. Як вядома, на Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943) была прынята прапанова Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Нямеччыны, а ў якасьці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана. Тым ня менш, лёнданскі эмігранцкі ўрад, Галоўнае Камандаванне АК у Варшаве зыходзілі са сваіх плянаў вызваленьня Польшчы. Сярод шматлікіх варыянтаў, якія прадугледжваліся пры падрыхтоўцы агульнага паўстаньня, найбольш пажаданым уяўляўся наступны: заходнія саюзьнікі адкрываюць другі фронт, захопліваюць значную частку Заходняй Эўропы, а нямецкія войскі капітулююць, калі лінія фронту будзе далей усходніх межаў Польшчы. Саюзьнікі падтрымліваюць агульнапольскае паўстаньне, урад і армія Андэрса вяртаюцца ў Польшчу. Фактычна, гэта была мара аб паўторы сытуацыі 1918.

З канца 1943 пачалося актыўнае фармаваньне акаўскіх аддзелаў для задачаў будучага паўстаньня. Камандаваньне АК прытрымлівалася тактыкі «чаканьня» і «неправакаваньня немцаў», асьцерагаючыся, што фашысцкі тэрор выкліча «лявіну заўчасных выступленьняў», над якімі немагчыма будзе ўстанавіць кантроль. Дырэктывы Галоўнага Камандаваньня АК сваім нізавым арганізацыям прадпісвалі наступнае:
- дзейнічаць самастойна супраць немцаў;
- перад савецкімі партызанамі выступаць як аддзелы АК, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і падпарадкоўваюцца польскаму ўраду;
- дазваляецца часовае супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, больш працяглае павінна ўзгодняцца з камандаваньнем акругі і нават з ГК АК;
- у выпадку, калі савецкія партызаны прымусова пачнуць далучаць да сябе аддзелы АК, усяляк пазьбягаць гэтага, а ў выпадку спробы зьнішчэньня аддзелу - абараняцца.

У шматлікіх дакумэнтах падкрэсьлівалася, што барацьба з «саветамі» ёсьць непажаданай крайнасьцю [1: 39, 556-557].

У чэрвені 1943 была прынятая пастанова ЦК КП(б)Б «Аб далейшым разьвіцьці партызанскага руху ў заходніх абласьцях Беларусі», а таксама закрыты ліст ЦК КП(б)Б «Аб ваеннапалітычных задачах работы ў заходніх абласьцях БССР». У гэтых дакумэнтах падкрэсьлівалася, што заходнія вобласьці БССР ёсьць неад'емнай часткай БССР і што тут дапушчальна існаваньне толькі групаў і арганізацый, якія кіруюцца інтарэсамі СССР. Існаваньне ўсіх іншых арганізацый павінна разглядацца як умяшаньне ў інтарэсы СССР. У сакрэтным лісьце меліся канкрэтныя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх фармаваньняў:
1. Ствараць савецкія партызанскія аддзелы і выцясьняць польскія з гэтых тэрыторыяў.
2. Укараняць у польскія аддзелы сваіх агентаў, дэмаралізоўваць іх, раскладаць іх знутра.
3. Прыцягваць да супрацоўніцтва людзей, якія знаходзяцца ў польскіх аддзелах і выклікаюць давер. Зь іх ствараць польскія савецкія партызанскія аддзелы.

Там, дзе савецкі партызанскі рух быў дастаткова моцным, прапаноўвалася:
1. Бяз шуму ліквідаваць кіраўнікоў польскага падпольля.
2. Польскія аддзелы раззбройваць, зброю са складаў рэквізаваць; шараговых партызанаў, калі ёсьць магчымасьць, уключаць у барацьбу зь немцамі пад савецкім кіраўніцтвам.
3. Сярод раззброенных і разьмеркаваных па савецкіх аддзелах палякаў выяўляць варожых элемэнтаў.

Пераважна быў узяты кірунак на раззбраеньне польскіх фармаваньняў.

Усё разам названае прывяло да непазьбежных сутыкненьняў паміж савецкімі партызанамі і акаўцамі. Паводле зьвестак Я.Эрдмана, з 185 баявых апэрацый, праведзеных аддзеламі Наваградзкай акругі АК за пэрыяд з 01.01.1942 па ліпень 1944, 102 апэрацыі былі супраць немцаў (55%) і 81 (45%) супраць савецкіх партызанаў [3]. Звычайнымі былі зьявы, калі з адной вёскі частка жыхароў была ў савецкіх партызанах, а частка - у АК. Значнымі былі страты як сярод партызан і акаўцаў, так і сярод мясцовага насельніцтва, якое падтрымлівала той ці іншы бок. Паводле няпоўных зьвестак, зь вясны 1943 па ліпень 1944 толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці савецкімі партызанамі было расстраляна больш за 500 мясцовых жыхароў за супрацоўніцтва з АК. Ня меншымі былі рэпрэсіі з боку АК. Так, камандзір Стаўпецкага злучэньня АК Адольф Пільх («Гура») у адной з сваіх публікацый прызнаваў, што за гэты ж пэрыяд яго легіянэры зьнішчылі каля 6 тысяч чалавек.

У сваю чаргу, немцы, імкнучыся да актывізацыі мясцовых сілаў дзеля барацьбы з савецкімі партызанамі, з канца 1943 пачалі выкарыстоўваць канфлікт паміж АК і савецкімі партызанамі ў сваіх мэтах. Адным зь першых кантакт зь немцамі ўстанавіў вышэйадзначаны А.Пільх. У пачатку сьнежня 1943 ён заключыў зь немцамі дамову аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі ўзамен на забясьпячэньне яго зброяй. 22 сьнежня ў Лідзе дамову зь немцамі таксама заключыў камандзір Наднёманскага злучэньня АК паручнік Юзаф Сьвіда («Лях»), які на працягу студзеня-сакавіка 1944 атрымаў ад немцаў пяць прывозаў зброі. Ёсьць дакладныя зьвесткі, што перамовы аб супрацоўніцтве з гітлерцамі ў лютым 1944 веў і камандуючы Віленскай акругай АК генэрал «Вілк» (падпалкоўнік А.Крыжаноўскі). І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ ў студзені 1944 зь Лёндану паступіла афіцыйная забарона кантактаў зь немцамі. Вясной 1944 Генэральны камісар Беларусі фон Готбэрг не дазволіў праводзіць мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў Беларускую Краёвую Абарону (БКА) на тэрыторыі Лідзкай акругі, раёнаў Узда, Івянец, Валожын, Браслаў, Мядзел, Казлоўшчына і часткі Дзярэчынскага раёну, дзе, фактычна, праводзілася мабілізацыя ў АК. Асабліва адкрыты характар мабілізацыя ў АК з дазволу немцаў прыняла на тэрыторыі Лідзкай акругі [4].

Пасьля вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў значная частка сябраў АК уступіла ў армію Бэрлінга, частка адступіла на тэрыторыю Польшчы, дзе працягвала барацьбу зь немцамі; значная частка была інтэрнаваная і вывезеная ў глыбіню СССР. Усяго з тэрыторыі Беластоцкай, Віленскай і Наваградзкай акругаў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тысяч акаўцаў разам зь іх сем'ямі [6:340].

Такім чынам, у гісторыі ўзброеных фармаваньняў польскага супраціву на тэрыторыі Беларусі можна вылучыць наступныя пэрыяды:
1. Кастрычнік 1939 - ліпень 1941. Пэрыяд адкрыта варожых адносінаў. Стварэньне кансьпірацыйнай сеткі, першыя спантанныя антысавецкія выступленьні.
2. Ліпень 1941 - красавік 1943, калі польскі супраціў быў саюзьнікам СССР у барацьбе зь нямецкімі захопнікамі.
3. Красавік 1943 - ліпень 1944. Пэрыяд супрацоўніцтва і адкрытай канфрантацыі. Разрыў дыпляматычных адносін Масквы і польскага лёнданскага ўраду. У гэты час абвастрыліся супярэчнасьці паміж савецкімі партызанамі і фармаваньнямі АК. Ад ваеннага нэўтралітэту да ўзаемных сутычак на вынішчэньне адзін аднаго, барацьбы за сфэры ўплыву, што не прамінулі выкарыстаць немцы.
4. Ліпень 1944 - пачатак 50-х гадоў: падпольная барацьба супраць савецкай улады, якая клясыфікавала аддзелы АК як звычайны бандытызм. Гэтая барацьба працягвалася нават пасьля афіцыйнага роспуску АК 19.01.1945.

У 1993-1994 працавала створаная Радай Міністраў Беларусі спэцыяльная камісія па вывучэньні праблемаў, зьвязаных зь дзейнасьцю АК на тэрыторыі Беларусі і магчымасьці наданьня яе ўдзельнікам статусу вэтэранаў вайны. Камісія правяла значную аналітычную і дасьледчую работу, вывучыла архіўныя матэрыялы і публікацыі, абагульніла і абмеркавала іх на сваіх паседжаньнях і паведаміла ўраду (8 ліпеня 1994 г.) аб выніках сваёй працы. Працягу дзейнасьці камісіі не было, таму што адбыліся зьмены ў самой Рэспубліцы Беларусі.

Літ.: 1. Armia Kraiowa w dokumentach 1939-1945. W 6 t. Wrocław-Warszawa, T. 3; 2. Buletyn informacyjny, 03.07.1941; 3. Erdman J. Droga do Ostrej Bramy. Londyn, 1984; 4. Литвин А. Армия Краева // Нёман. 1995, № 2; 5. Polski czyn zbrojny w II Wojnie Światowej. Т. III. Warszawa, 1988; 6. Zaroń P. Ludność Polska w Związku Radzieckim w czasie II Wojny Światowej. Warszawa, 1990.

Аляксей Літвін

Паведаміць пра недакладнасьць