У кастрычніку 1944 адбылося аб'яднаньне баптыстаў і эвангельскіх хрысьціянаў у Царкву Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (ЭХБ). На чале новаўтворанага аб'яднаньня стала Ўсесаюзная Рада Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў (УРЭХБ). У жніўні 1945 было падпісанае пагадненьне, паводле якога ў склад ЭХБ уступалі беларускія пяцідзясятнікі. Увосень 1945 пачалося аб'яднаньне.
Аднак супраць яго выступілі прэсьвітэры эвангельскіх хрысьціянаў і пяцідзясятнікаў. Яны не прызналі вяршэнства УРЭХБ, абвінавачваючы яе ў супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам. Савецкія ўлады арыштавалі некаторых кіраўнікоў пяцідзясятнікаў (у прыватнасьці, у сьнежні 1949 быў арыштаваны Іван Панько).
Але, нягледзячы на рэлігійны ўціск, колькасьць пратэстантаў падвышалася. Некаторыя з суполак налічвалі больш за сотню вернікаў. На Зэльвеншчыне царква ЭХБ налічвала 260 чалавек, ейны цэнтар быў у в. Бародзічы, на чале стаяў прэсьвітэр М.Лазута. Лідзкая суполка баптыстаў мела сувязі з Польшчай і ЗША, адкуль атрымоўвала рэлігійную літаратуру.
Рэпрэсіі супраць пратэстантаў узмацніліся пасьля правядзеньня калектывізацыі ў Заходняй Беларусі. У в. Хвоева Нясьвіскага р-ну дзейнічала суполка, якая налічвала 168 сябраў. Калі ў 1949 быў арганізаваны калгас, то ніхто зь вернікаў не ўступіў у яго. Прычыну гэтага ўлады бачылі ўва ўплыве на вернікаў прэсьвітэра С.Новіка [1:259]. У сакавіку 1950 С.Новік быў арыштаваны, але і пасьля гэтага сяляне не ўступалі ў калгас.
У першай палове 1950-х для пратэстанцкага жыцьця ў Беларусі характэрныя дзьве рысы:
- актывізацыя рэлігійнага жыцьця ўва Ўсходняй Беларусі; гэта таксама тлумачылася закрыцьцём праваслаўных і каталіцкіх храмаў, у выніку чаго насельніцтва зьвярталася да ЭХБ;
- хуткі рост гарадзкіх суполак ЭХБ (Віцебск, Ворша, Менск, Маладэчна).
Наогул, у першае паваеннае дзесяцігодзьдзе пратэстанцкі рух яшчэ не дасягнуў такога размаху, як у 60-70, што тлумачылася сталінскімі рэпрэсіямі й незавершанасьцю ўнутрыарганізацыйнага афармленьня нэапратэстанцкіх суполак у Беларусі.
Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец XVII-XX ст.). Мн., 1998; 2. История евангельских християк-баптистов. М., 1989.
Алег Гардзіенка