Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (Рада БНР), беларускі ўрад на выгнаньні, адзін з цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі. Утвораная Выканаўчым камітэтам Першага Ўсебеларускага кангрэсу, Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 незалежнасьць Беларусі. З 1919 - на эміграцыі. У сакавіку 1943 паўнамоцтвы прэзыдэнта й старшыні ўраду БНР атрымаў Мікола Абрамчык.

У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 у Рэгенсбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з М.Абрамчыкам. 28.12.1947 на 2-й сэсіі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917-1918 гадох належалі да беларускага этнафафічнага абшару». Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.

Ці ня першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й «упаўнаважаны прадстаўніцтвам ураду БНР», якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала «змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі». Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было «прадстаўніцтва Рады БНР» і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух, невядома.

У 1951-1952 амэрыканскімі спэцслужбамі былі перакінутыя ў Беларусь шэраг сяброў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьні сувязі з антысавецкім супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х.

Бібл.: 1. Мэмарыял Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на Мірную канфэрэнцыю ў Парыжы // Рух (Зах. Нямеччына). 1947, студзень, № 4. С. 15; 2. Снапкоўскі У. Беларуская палітычная эміграцыя (1945-1990 гг.) // Полымя. 1997, № 2. С. 203-210.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць