Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (СЗНБ), падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ў 1946-1949. Заснаваны ў 1946 зь ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага аддзелу Івана Раманчука («Ястраб»). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку ў Горадні, у Нясьвіскім, Клецкім і Стаўпецкім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 на хутары Саская Ліпа (Нясьвіскі раён), на ім прысутнічала 6 чалавек - сярод іх былі студэнты Гарадзенскага пэдінстытуту. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу для актыўных дзеяньняў.

Паводле праграмы СЗНБ прадугледжваўся роспуск калгасаў, зямля павінна была перадавацца сялянам. Была выпушчаная й распаўсюджаная антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся зь «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. Напачатку 1949 органамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 быў захоплены чэкістамі паранены ў баі Іван Раманчук - кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі на працэсе 15-17.06.1949 за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 17 сяброў СЗНБ былі засуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня. Ёсьць зьвесткі, што па справе СЗНБ праходзілі й іншыя людзі, якія да арганізацыі ня мелі ніякага дачыненьня.

Кр.: 1. Успаміны Ў.Кісяля (архіў аўтара).

Літ.: 2. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 17.03.1998.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць