Чыставуст каралеўскі (Osmunda regalis L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Чыставуставыя (Osmundaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Акіянічны (амфіатлантычны) рэліктавы від міжнароднага значэння, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобным лакалітэце на ўсходняй мяжы эўрапейскага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовазялёная (ва ўмовах Беларусі летнезялёная) паўдрэвападобная папараць вышынёй 80-120 (200) см з моцным разгалінаваным касым карэнішчам. Сцябло ўкарочанае, звычайна прамастойнае, адраўнелае, укрытае рэшткамі чаранкоў апалага лісця і шматлікімі чорнымі паветранымі каранямі. Лісце бледна-зялёнае, буйное, на доўгіх чаранках. Верхнія сегменты лісця вузкалінейныя, спараносныя, па ўсёй паверхні ўкрытыя сорусамі, сабраны ў канцавую сціснутую мяцёлку (спачатку зялёная, па меры выспявання спор становіцца карычневай і да моманту іх высыпання - бурай) [2].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (парасткамі карэнішча).
Пашырэнне. Скандынавія (поўдзень), Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Каўказ, Закаўказзе, Міжземнамор'е, Малая Азія, Іран [2, 6]. У Беларусі вядома месцазнаходжанне ў Берасцейскім раёне [3, 4].
Месцы росту. Сырыя сасновыя, мяшаныя і чорнаальховыя лясы (звычайна ўзлескі), адкрытыя тарфяныя і лясныя балоты, берагі азёр.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, гаспадарчая трансфармацыя зямель, высечка лесу, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [5, 6]. Ахоўваецца ў дзяржаўным біялагічным заказніку «Селяхі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Бурдин, Шокало, 1985; 5. Красная книга СССР, 1978; 6. Красная книга СССР, 1985.

Н.Казлоўская

Паведаміць пра недакладнасьць