Астранцыя вялікая (Astrantia major L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэевыя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі рэліктавы горны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1-3]. Дэкаратыўная і лекавая расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім карэнішчам і прамым сцяблом вышынёй 50-80 см. Прыкаранёвае лісце на доўгіх чаранках, глыбока раздзеленае на 3-7-ланцэтныя або адваротнаяйкападобныя, па краі буйназубчастыя долі. Сцябловае лісце больш дробнае, з больш вузкімі долямі, кароткачаранковае або амаль сядзячае. Кветкі дробныя, шматлікія, белыя або чырванаватыя, сабраны ў складаныя парасонікі дыяметрам 3-4,5 см (краявыя кветкі тычынкавыя, унутраныя - песцікавыя). Агульная абгортка зорчатая, з 10-20 белых або чырванаватых плевачных падоўжна-лінейных лісцікаў. Плод - рабрысты віслаплоднік з уздутымі лусачкамі [5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Зацвітае на другі год. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы. У Беларусі вядомы месцы росту ў Белавежскай пушчы і Пухавіцкім раёне [6, 7]. Раней указвалася для наваколля г.п. Антопаля (Драгічынскі раён) [8], аднак сучаснымі даследаваннямі не пацвярджаецца.
Месцы росту. Грабавыя дубравы і бярэзнікі, хмызняковыя зараснікі.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР з 1987 г. [9, 10] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і спецыялізаваным батанічным заказніку мясцовага значэння «Веленскі» у Пухавіцкім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Блажевич, 1986; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 16, 1950; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 8. Пачоский, 1897; 9. Красная книга СССР, 1978; 10. Красная книга СССР, 1985; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч

Паведаміць пра недакладнасьць