Шчыталіснік звычайны (Hydrocotyle vulgaris L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэевыя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шмат- або двухгадовая травяністая расліна з тонкім паўзучым сцяблом даўжынёй 10-60 (100) см, якое ўкараняецца, у вузлах развіваюцца лісце і кветаносы. Лісце на доўгіх, у верхняй частцы валасістых чаранках з маленькімі акруглымі прыліснікамі; ліставыя пласцінкі акруглыя, дыяметрам 1,5-4 см, зверху голыя, знізу часта валасістыя, па краі двойчы або проста гародчатыя, да слаба лопасцевых, шчыткападобна прымацаваны ў цэнтры да чаранка. Суквецці адзіночныя або па 2-3 на тонкім кветаносе. Кветкі дробныя, амаль сядзячыя, нешматлікія, з адным скурыстым яйкападобным крыючым лістом; пялёсткі яйкападобныя, плоскія, белыя. Плод - віслаплоднік з чырванаватымі бародаўкамі [2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Атлантычная і Сярэдняя Эўропа, поўнач Міжземнамор'я [2]. У Беларусі вядома адно месца росту ў Берасцейскім раёне [3]. Раней адзначаўся ў былой Гарадзенскай і Менскай губернях [4].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя лясы і лугі; часам трапляецца ў вадзе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гідрамеліярацыя і водапаніжэнне, гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне і зацвярдзенне глебы).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцыі, арганізацыя ў Берасцейскім раёне спецыялізаванага батанічнага заказніка, пошук новых месцаў росту, вырошчванне на калекцыйных участках, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Jasnowski, 1967; 2. Флора СССР, т. 16, 1950; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і Берасцейскага педінстытута; 4. Пачоский, 1897.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць