Лабелія дортмана (Lobelia dortmanna L., 1753)
Парадак Званочкакветныя (Campanulales), сямейства Лабеліевыя (Lobeliaceae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны амфіатлантычны акіянічны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах за паўднёва-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і ядавітая расліна [3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая водная травяністая бессцябловая расліна, з валакністым коранем і прыкаранёвай разеткай адагнутага ўніз, тоўстага, лінейнага, суцэльнакрайняга лісця, унутры пустога і падзеленага 2 падоўжнымі перагародкамі. Кветаносы вышынёй да 40-80 см, прамастойныя, голыя, у ніжняй частцы маюць некалькі лускападобных лісцікаў, выступаюць над вадой у час цвіцення. Кветкі двухполыя, накшталт званочкаў, зігаморфныя, двухгубыя, з доўгай трубкай і 5 зрослымі тычынкамі, на паніклых кветаножках, з блакітна-белым вяночкам, сабраны ў рыхлую аднабокую гронку. Чашачка глыбокапяціраздзельная, зялёная. Плод - сухая прадаўгаватая каробачка, раскрываецца 2 створкамі. Насенне дробнае, падоўжна-бугрыстае [2, 4, 5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае. Пылок выспявае яшчэ ў бутонах.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Паўночная Амерыка. У Беларусі вядомы месцы росту на воз. Свіцязь у Наваградскім і воз. Белае ў Лунінецкім раёнах [6-9].
Месцы росту. Пясчаная літараль прэсных алігатрофных і мезатрофных з прыкметамі алігатрафіі азёр, на глыбінях 40-160 см.
Характар росту. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр і ўтварае зараснікі з палушнікам азёрным палосамі шырынёй 5-15 м.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне і эўтрафікацыя вадаёмаў, іх абмяленне ў выніку гідрамеліярацыйных работ і водазабору, пашкоджанне раслін сеткамі пры лоўлі рыбы, празмерныя рэкрэацыйныя і гаспадарча-эксплуатацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [10].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Белае». Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [11]. Уключана ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [12, 13] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [14]. Збор і продаж лабеліі рэгламентаваны Канвенцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне неспрыяльных антрапагенных уздзеянняў, больш шырокае ўвядзенне ў аквакультуру, штучнае рассяленне ў вадаёмы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Белоусова, Денисова, Никитина, 1987; 4. Флора СССР, т. 24, 1957; 5. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 6. Флора БССР, т. 4, 1955; 7. Михайловская, 1953; 8. Пачоский, 1899; 9. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 10. Жданов, 1987; 11. Моисеева, 1967; 12. Красная книга СССР, 1978; 13. Красная книга СССР, 1985; 14. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць