Старасцень прыручайны (Senecio rivularis (Waldst. et Kit.) DC., 1837)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў ізаляваным лакалітэце на значным аддаленні ад усходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым баразнаватым, у верхняй частцы крыху галінастым, у ніжняй частцы нярэдка пурпуровым сцяблом вышынёй 20-60 см і кароткім тоўстым карэнішчам. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, лапатчастае, на верхавінцы тупое, па краях востразубчастае, на доўгіх, часам у 2-3 разы даўжэйшых за пласцінку, крылатых чаранках. Ніжняе сцябловае лісце на больш кароткіх чаранках, чым прыкаранёвае, верхняе - сядзячае, ланцэтападобнае, або вузкаяйкападобнае. Ліставыя пласцінкі зверху цёмна-зялёныя, знізу больш бледныя і каротка апушаныя. Абгортка аднарадная, злёгку апушаная. Язычковыя кветкі аранжава-жоўтыя. Кошыкі каля асновы са шматлікімі лінейна-ланцэтападобнымі прыкветнікамі і сабраны ў канцавое парасонападобнае суквецце з 4-15 промнямі. Плод - голая, карычневая, лінейна-падоўжная рабрыстая сямянка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні, пладаносіць у траўні-чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй і Атлантычнай Эўропы, Балканы [1, 2]. У Беларусі знойдзены ў Пухавіцкім раёне [3].
Месцы росту. Сырыя мшыстыя, парослыя хмызняком лугавіны з блізкім узроўнем грунтавых вод.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, водапаніжэнне і гідрамеліярацыя, вытоптванне, зрыванне квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Веленскі» ў Пухавіцкім раёне. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора СССР, т. 29, 1964; 3. Козловская, Симонович, Блажевич и др., 1979; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць