Меч-трава звычайная (Cladium mariscus (L.) Pohl, 1809)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [2, 3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 100-150 см з акруглым прамым густааблісцелым сцяблом і доўгім паўзучым карэнішчам. Утварае шчыльныя дзярніны. Лісце лінейнае, шырынёй 10-15 мм, уздоўж складзенае, жорсткае, кіляватае, па краях і ўздоўж кіля вострапілавата-зубчастае, рэжучае. Суквецце - канцавая складаная мяцёлка з галоўчата скучаных бурых каласкоў. Каласкі 2-3-кветкавыя, з укарочанай воссю. Кветкі двухполыя, без калякветніка. Плод - яйкападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак з вострай верхавінкай.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае за кошт доўгіх парасткаў, якія адыходзяць ад тоўстых карэнішчаў.
Пашырэнне. Эўропа, Азія (Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія) [3]. У Беларусі дакладна вядома адзінае месцазнаходжанне ў Мядзельскім раёне на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Блакітныя азёры» [4]. Меч-трава адзначалася таксама ў Вілейскім раёне [2] і для Магілеўскай губерні [5].
Месцы росту. Расце ў прыбярэжнай палосе азёр з высокай мінералізацыяй вады на заглееным або затарфаваным грунце на глыбіні 0,2-0,5 м.
Характар росту. Утварае суцэльныя зараснікі або асобныя сплавіны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў аранжарэі і ў адкрытым грунце батанічнага саду БДУ.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [6] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7]. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Блакітныя азёры».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, мэтавая аптымізацыя ўмоў росту.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1978; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Вынаев, Третьяков, 1978; 5. Пачоский, 1901; 6. Моисеева, 1969; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў

Паведаміць пра недакладнасьць