Пярэсна эўрапейская (Trollius europaeus L., 1753)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. II катэгорыя. Адносна рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Цэнтральна-ўсходнеэўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца паблізу паўднёвай мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і фарбавальная расліна. Ядавітая.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна вышынёй 30-80 см з прамым сцяблом. Лісце пальчатараздзельнае, рассечана да асновы на 5 рамбічных, на верхавінцы зубчаста-надрэзаных сегментаў, голае, зверху цёмна-зялёнае, знізу больш светлае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на верхавінцы сцябла, шарападобныя з-за моцна ўвагнутых шматлікіх жоўтых чашалісцікаў. Плод - шматлістоўка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Балканскі паўвостраў, Малая Азія [3], Заходняя Сібір [4]. У Беларусі большасць месцазнаходжанняў размешчана на Менскім узвышшы, таксама трапляецца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, на Мазырскай градзе, у Віцебскім, Гарадоцкім, Добрушскім і іншых раёнах.
Месцы росту. Хвойна-шыракалістыя лясы, вільготныя лясныя паляны, узлескі, сырыя лугі.
Характар росту. Расце паасобнымі экземплярамі і невялікімі, часам даволі шматлікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, збор квітучых раслін.
Культываванне. У культуры з 16 ст., ёсць садовыя махровыя формы. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3], у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску. Перспектыўная для зялёнага будаўніцтва [5].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах, Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», батанічных рэзерватах у Віцебскім, Гарадоцкім, Добрушскім раёнах [6].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, павелічэнне колькасці батанічных рэзерватаў у месцах найбольш шматлікіх папуляцый, выяўленне новых месцаў росту, прапаганда ашчадных адносін да расліны, шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Чырвоная кніга БССР, 1981; 3. Кухарева, Пашина, 1986; 4. Флора БССР, т. 2, 1949; 5. Пашина, 1969; 6. Ахоўныя расліны, 1983.

Л.Семярэнка

Паведаміць пра недакладнасьць