Купальнік горны (Arnica montana L., 1753)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на ўсходняй мяжы арэала [3, 4]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым кароткім карэнішчам і прамастойным, простым або разгалінаваным, апушаным сцяблом вышынёй 30-70 см. Лісце, большасць у прыкаранёвай разетцы, шырокае, авальнае, суцэльна-крайняе, з выразнымі бакавымі жылкамі, каротка звужанае ў чаранок або амаль сядзячае. Сцябловае лісце (1-3 пары) прадаўгаватае або ланцэтападобнае, супраціўнае. Кошыкі да 5 см у дыяметры, размешчаны на верхавінцы. Язычковыя кветкі аранжава-жоўтыя. Плод - сямянка [4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Пачынае цвісці на трэці год. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа. У Беларусі пашырана ў заходніх і цэнтральных раёнах. Большасць месцаў росту знаходзіцца на ўзвышшах Беларускай грады і прыледавіковых раўнінах Перадпалесся [5-7].
Месцы росту. Сасновыя, шыракаліста-хваёвыя, саснова-шыракалістыя і саснова-бярозавыя лясы пераважна чарнічнага, а таксама мшыстага, арляковага і верасовага тыпаў; радзей - сіўцовыя лугі, лясныя высечкі і паляны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі, зрэдку (на высечках) утварае значныя па колькасці папуляцыі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, вытоптванне, збор квітучых раслін, выпас жывёлы ў месцах росту, нарыхтоўка ў якасці лекавай сыравіны.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [8], у Рэспубліканскім і гарадскім экалагічных цэнтрах навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў запаведніках і спецыялізаваных заказніках. Спецыяльнай пастановай Мінабл- і гарвыканкамаў забаронены масавы збор і продаж гэтай расліны. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона адзначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння, увядзенне ў культуру і вырошчванне ў спецыяльных гадавальніках, на высечках і г.д., у якасці лекавай сыравіны.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1978; 2. Красная книга СССР, 1985; 3. Козловская, Парфенов, 1972; 4. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Парфенов, Козловская, Симонович, 1970; 7. Блажевич, 1986; 8. Кухарева, Пашина, 1986; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч

Паведаміць пра недакладнасьць