Цыбуля мядзведжая, або чарамша (Allium ursinum L., 1753)
Парадак Лілеякветныя (Liliales), сямейства Цыбулевыя (Alliaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная і харчовая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з адзінкавай вузкай белай цыбулінай і трохгранным кветаносам вышынёй 15-40 см. Лісце шырокае, з ланцэтнай або падоўжна-ланцэтнай пласцінкай, паступова звужанай у чаранок. Кветкі белыя, накшталт зорачак, з 6 завостранымі пялёсткамі, сабраны ў паўшарападобны густы парасонік. Плод - шарападобная трохгранная каробачка. Насенне чорнае [2].
Асаблівасці біялогіі. Эфемероід. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. У канцы ліпеня заканчвае вегетацыю. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Скандынавія, Міжземнамор'е, Малая Азія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Дакладна вядома больш за 50 месцаў росту, у асноўным у заходніх і цэнтральных раёнах краіны [4, 5].
Месцы росту. Шыракалістыя і шыракаліста-хваёвыя лясы ў далінах невялікіх ручаёў і рэчак, сярод балот, поймавыя дубравы і чорнаалешнікі, забалочаныя беразнякі.
Характар росту. Расце вялікімі групамі, зрэдку ўтварае суцэльныя зараснікі на плошчы да некалькіх гектараў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, лесамеліярацыя, вытоптванне і масавы збор чарамшы як харчовай расліны.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [6], у Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску, а таксама на прысядзібных участках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку, у некаторых комплексных і спецыялізаваных батанічных заказніках. Забаронены збор і продаж чарамшы ў наваколлях Менска [7]. Занесена ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, у тым ліку вырошчванне на плантацыях.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 4, 1935; 3. Флора Европейской части СССР, т. 4, 1979; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Блажевич, 1986; 6. Кухарева, Пашина, 1986; 7. Постановление..., 1980; 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч

Паведаміць пра недакладнасьць