Пылкагалоўнік даўгалісты (Cephalanthera longifolia (L.) Fritsch, 1888 [C. ensifolia Rich.])
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі немаральны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым або чуць сагнутым голым сцяблом вышынёй 15-45 см і ўкарочаным гарызантальным карэнішчам з таўставатымі шнурападобнымі каранямі. Лісце лінейна-ланцэтнае, часта ўдоўжкі складзенае, завостранае, даўжынёй 7-16 см і шырынёй 1-3 см, па 6-9 на сцябле. Кветкі даволі буйныя, белыя, званочкавыя, з тонкім прыемным водарам, сабраны ў рыхлае коласападобнае суквецце. Губа кароткая, акруглая, падзелена выемкай на 2 долі, з жоўтай плямай каля асновы, укрытая дробнымі сасочкамі. Завязь сядзячая, злёгку скручаная, голая. Плод - сухая вераценападобная каробачка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне пераважна насеннае, рэдка вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія. Трапляецца ў заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах Эўрапейскай часткі [3, 4]. У Беларусі расце ў Ваўкавыскім, Валожынскім, Лагойскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Менскім і Наваградскім раёнах [6]. Раней адзначаўся ў наваколлях Горадні, Магілева, Горак, Сяльца, Слуцка і Нясвіжа [5, 7]. Месцазнаходжанне ў наваколлях Мазыра (былая в. Кімбараўка), відаць, ужо знішчана.
Месцы росту. Шыракалістыя, хваёва-шыракалістыя, хваёва-драбналістыя, а таксама вытворныя (асінавыя, бярозавыя) лясы, хмызнякі.
Характар росту. Трапляецца асобнымі экземплярамі, невялікімі, часам даволі значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лясоў, гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, выпас жывёлы ў лясах, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін, выкопванне карэнішчаў).
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтным заказніку «Свіцязянскі», спецыялізаваных батанічных заказніках «Стрэльскі», «Белая», «Хамічкі», «Глушкавічы» ў Мазырскім і Лельчыцкім раёнах. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР з 1978 г. [8, 9]. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, забарона або абмежаванне ўказаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Пачоский, 1900; 8. Красная книга СССР, 1978; 9. Красная книга СССР, 1985; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

І.Швец

Паведаміць пра недакладнасьць