Клапагон эўрапейскі (Cimicifuga europaea Schipcz., 1937)
Парадак Казяльцовакветныя (Ranunculales), сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, лекавая і ядавітая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з магутным тоўстым карэнішчам і моцным, злёгку баразнаватым, у верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй да 2,5 м. Прыкаранёвае лісце даўжынёй да 40 см, двойчы-, тройчынераўнаперыстае, на доўгіх чаранках. Верхняе сцябловае лісце больш дробнае, амаль сядзячае. Долі ліставых пласцінак яйкападобныя, завостраныя, па краях буйназубчастыя. Кветкі двухполыя, з прыкветнікамі, дробныя, белаватыя, сабраны ў гронкі. Плод - шматлістоўка, плодзікі якой голыя, з кароткім носікам. Насенне шматлікае, дробнае, густа пакрыта бураватымі плевачнымі лускавінкамі [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў ліпені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Усе часткі расліны маюць непрыемны ўдушлівы пах.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы. У Беларусі вядомы 2 астраўныя ўчасткі росту - Белавежская пушча і Мазырскае ўзвышша [4, 5].
Месцы росту. Паляны і ўзлескі ў лісцевых (дубова-грабавыя, дубова-чорнаальховыя) і мяшаных (грабава-кісліцавыя ельнікі, шыракаліста-сасновыя) лясах.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін).
Культываванне. Вырошчваецца ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, у ландшафтным заказніку «Мазырскія яры» і ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Стрэльскі». Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [6] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй відаў антрапагенных уздзеянняў, увядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Николаева, Зефиров, 1971; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Моисеева, 1967; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Р.Блажэвіч

Паведаміць пра недакладнасьць