Рададэндран жоўты (Rhododendron luteum Sweet, 1830)
Парадак Верасакветныя (Ericales), сямейства Верасовыя (Ericaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Старажытнаміжземнаморскі (эўрапейска-малазійскі) рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах за паўночнай мяжой валынскага фрагмента арэала [1, 2]. Дэкаратыўная, тэхнічная, лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Лістападны куст вышынёй да 2 і больш метраў. Лісце чаргаванае, падоўжна-ланцэтнае, на кароткіх чаранках, па жылках рассеяна-валасістае, а па краях шчацініста-раснітчатае. Кветкі буйныя, аранжавыя або жоўтыя, з вельмі моцным пахам, сабраны на канцах галінак у малакветкавыя парасонападобныя шчыткі. Чашачка 5-раздзельная, рана ападае. Плод - падоўжная, пры выспяванні сухая карычневая каробачка [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Горныя раёны Сярэдняй Эўропы, Каўказ, Малая Азія (Пантыйскі хрыбет) [3]. У Беларусі вядома 5 астраўных месцазнаходжанняў на Палессі (Лельчыцкі, Ельскі, Жыткавіцкі раёны) [1, 4-7]. Адзінкавы, відаць, інтрадукаваны куст рададэндрана выяўлены ў Ляхавіцкім раёне [8].
Месцы росту. Сасновыя і саснова-шыракалістыя лясы, пераважна на пераходных палосах паміж чарнічным і багуновым тыпамі лесу, узлескі, ускрайкі сфагнавых балот [1].
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, часта ўтварае густы падлесак.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне хмызняку ў час высечкі лесу, гідралесамеліярацыя, адмярзанне парасткаў і вымярзанне раслін у суровыя зімы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [9].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку. Насаджэнне рададэндрана ў Жыткавіцкім раёне і ўнікальны экземпляр яго ў Ляхавіцкім раёне аб'яўлены помнікамі прыроды, створаны спецыялізаваныя батанічныя заказнікі ў Лельчыцкім раёне. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [10] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, аб'яўленне насаджэння ў Ельскім раёне помнікам прыроды, пошук новых месцаў росту, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 4, 1955; 4. Козловская, Рыковский, Штутина, 1969; 5. Клакоцкая, Парфенов, Козловская, 1976; 6. Козловская, 1978; 7. Парфенов, 1983; 8. Бурдзін (асаб. павед.); 9. Древесные растения ЦБС АН БССР, 1982; 10. Моисеева, 1967; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць