Сліва калючая, або цёрн (Prunus spinosa L., 1753)
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейска-малаазійскі рэліктавы від пантыйска-сармацкага пашырэння [1] - «кантынентальны пантыйскі фларыстычны элемент сасновых бароў і пясчаных месцаў Беларусі» [2]. У Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночнай і паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная і харчовая пладовая расліна.
Кароткае апісанне. Невялікі, моцна галінасты куст або невысокае дрэва вышынёй да 4 м з чарнавата- або буравата-шэрай карой і шматлікімі ўкарочанымі парасткамі, якія заканчваюцца калючкай. Лісце адваротна-яйкападобнае, радзей ланцэтнае або эліптычнае. Кветкі звычайна адзіночныя, белыя або ружовыя, каля 1,5-2 см дыяметрам. Плод - шарападобная або прадаўгаватая касцянка з шызым налётам, на кароткай цвёрдай ножцы [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні (да распускання лісця), пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (парасткамі).
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі трапляецца спарадычна, большая частка месцазнаходжанняў сканцэнтравана ў Бярозаўскім, Гомельскім, Жыткавіцкім, Ляхавіцкім раёнах. Раней прыводзілася для Белавежскай пушчы, наваколля Берасця, былых Пінскага і Слуцкага паветаў [4].
Месцы росту. Драбналессе і хмызнякі на прырэчных тэрасах, узлесках і ахоўных прыдарожных палосах.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, нярэдка ўтварае асобныя курціны або суцэльныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Разводзіцца ў садах і парках.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Палянская, 1931; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Пачоский, 1897.

В.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць