Эспарцэт пясчаны (Onobrychis arenaria (Kit.) DC., 1825)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўночнай мяжы арэала. Каштоўная кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з шматлікімі прамастойнымі або прыўзнятымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі вышынёй 50-120 см. Лісце перыста-складанае на доўгіх чаранках, з 5-12 парамі ланцэтных, з ніжняга боку каротка апушаных лісцікаў. Прыліснікі шырока трохвугольныя, шылападобна завостраныя, бугарчастыя, па краі перапончатыя. Кветкі фіялетава-ружовыя з цёмнымі палоскамі, сабраны ў густую (перад цвіценнем) верхавінкавую гронку. Чашачка трубчаста-званочкавая, валасістая. Плод - каротка апушаны струк [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Каўказ, Міжземнамор'е, Малая і Сярэдняя Азія, Сібір [1]. У Беларусі знойдзены ў Васілевіцкім, Лагойскім, Лельчыцкім, Лепельскім, Магілеўскім, Менскім, Мядзельскім, Пухавіцкім, Рэчыцкім і Чэрвеньскім раёнах [3].
Месцы росту. Астэпаваныя схілы, пясчаныя абочыны дарог, высечкі і ўзлескі ў сасняках, адкрытыя або слаба аблесеныя ўзгоркі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне пры высечцы лесу, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і батанічным садзе БДУ [4].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Чырванашвабскім батанічным заказніку мясцовага значэння.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагенных уздзеянняў у месцах росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 2. Флора БССР, т. 3, 1950; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна

Паведаміць пра недакладнасьць