Сіела прамая (Siella erecta (Huds.) M.Pimen., 1978)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным або прыўзнятым голым, амаль акруглым, тонкабаразнаватым галінастым сцяблом вышынёй 15-100 см, якое ўкараняецца ў ніжніх вузлах. Карэнішча з падземнымі парасткамі. Лісце непарнаперыстае, ніжняе - на чаранках, з 4-9 парамі яйкападобна-прадаўгаватых надрэзаных лісцікаў, верхняе - больш дробнае, з ланцэтападобнымі лісцікамі і расшыранай похвай. Суквецце - складаны парасонік на кароткім кветаносе. Абгорткі і абгортачкі шматлістныя, травяністыя. Чашачка з шылападобнымі зубцамі. Пялёсткі белыя, адваротнасэрцападобныя. Плод - шырокаяйкападобны віслаплоднік [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне вегетатыўнае, магчыма, насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, заходнія раёны Ўсходняй Эўропы, Каўказ, Балканы; як заносная трапляецца ў Паўночнай Амерыцы, Мексіцы, Аўстраліі [1]. У Беларусі знойдзена ў Белавежскай пушчы [2] і Валожынскім раёне [3]. Раней адзначалася ў наваколлях Горадні, Магілева [4, 5].
Месцы росту. Берагі рэк, канаў, ускрайкі балот, вакол крыніц.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэзкае водапаніжэнне, асушэнне балот.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 16, 1950; 2. Николаева, Зефиров, 1971; 3. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 4, 1955.

Л.Сімановіч

Паведаміць пра недакладнасьць