Балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata (S.G.Gmel.) O.kuntze, 1891)
Парадак Гарычкакветныя (Gentianales), сямейства Бабковыя (Menyanthaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі, па паходжанню дэрыватны трапагенны від. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая водная расліна з паўзучым, даўжынёй да 1-1,5 м карэнішчам. Сцёблы дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліптычнае, каля асновы сэрцападобнае, на верхавінцы выемчастае, знізу густа пакрыта залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, у дыяметры да 5 см. Вяночак глыбока рассечаны на махрыстыя па краях лопасці, чашачка 5-раздзельная. Плод - яйкападобная каробачка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Амаль уся Эўропа і Азія [1-3]. У Беларусі вядома два ізаляваныя месцы росту на Нёмане ў Карэліцкім і Стаўбцоўскім раёнах.
Месцы росту. У рэках, старыцах, азёрах і сажалках.
Характар росту. Расце невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Парушэнне гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў, лоўля рыбы сеткамі, рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [4].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя батанічных заказнікаў у вядомых месцазнаходжаннях, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і забеспячэнне іх аховы, прадухіленне змянення экалагічных рэжымаў месцаў росту і забруджвання водаў, увядзенне ў аквакультуру з паслядоўным рассяленнем у прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Бибиков, 1977; 2. Иконников, 1978; 3. Флора БССР, т. 4, 1955; 4. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў

Паведаміць пра недакладнасьць