Белакапытнік гібрыдны (лекавы) (Petasites hybridus (L.) Gaertn., Mey. et Schreb., 1801 [P. officinalis Moench])
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу ўсходняй мяжы арэала. Лекавая, кармавая, меданосная і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з тоўстым клубнепадобным карэнішчам і буйным доўгім (больш за 60 см) акругласэрцападобным, знізу шараватым ад мяккага шарсцістага апушэння доўгачаранковым лісцем. Кветаносы вышынёй да 60 см з лускападобным лісцем, з'яўляюцца ранняй вясной яшчэ да пачатку росту прыкаранёвага лісця. Песцікавыя і тычынкавыя кошыкі сабраны ў густыя верхавінкавыя коласападобныя гронкі даўжынёй 6-10 см. Кветкі брудна-пурпуровыя з фіялетавым адценнем, пахучыя. Плод - цыліндрычная сямянка з падоўжнымі рабрынкамі і брудна-белым чубком [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у траўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, поўдзень Скандынавіі [1]. У Беларусі адзначаны ў Барысаўскім, Браслаўскім, Валожынскім, Вілейскім, Глыбоцкім, Горацкім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Маладэчанскім, Маларыцкім, Менскім, Мядзельскім, Нясвіжскім, Слонімскім, Смалявіцкім і Шклоўскім раёнах [3]. Раней адзначаўся ў наваколлях Ганцавіч, Горадні, Магілева, Наваградка, Слуцка [4, 5].
Месцы росту. Бліз крыніц у вытоках і на схілавых участках рэк, вільготныя берагі вадаёмаў, невялікіх лясных рэк і ручаёў, хмызнякі, на багатых гумусам глебах.
Характар росту. Расце невялікімі, месцамі значнымі групамі, зрэдку ўтварае даволі буйныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель і асушальная меліярацыя.
Культываванне. Зрэдку культывуецца на прысядзібных участках і дзічэе.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі азёрнага заказніка «Доўгае» ў Глыбоцкім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых і кантроль за станам папуляцый сучасных месцаў росту, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 26, 1961; 2. Флора БССР, т. 5, 1959; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Пачоский, 1899; 5. Пачоский, 1900.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць