Старасцень прырэчны (Senecio fluviatilis Wallr., 1840)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі далінна-рачны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночна-ўсходняй мяжы арэала. Дэкаратыўная і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамым, густа аблісцелым, у верхняй частцы крыху галінастым, рабрыстым сцяблом вышынёй 100-120 см і паўзучым або ўзыходным карэнішчам. Лісце сядзячае, цэльнае, вострае, да асновы клінападобна звужанае, па краях пільчата-зубчастае і каротка-раснічастае, даўжынёй 12-20 см і шырынёй 1,5-4 см. Абгортка двухрадная, кароткаваласістая, з 3-5 лінейнымі знешнімі і 6-12 ланцэтападобнымі, на верхавінцы раснічастымі, з чорнымі плямамі, унутранымі лісцікамі. Язычковыя кветкі (6-8) ярка-жоўтыя, сабраны ў шматлікія кошыкі, якія ўтвараюць шчыткападобнае суквецце. Плод - голая рабрыстая сямянка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [1]. У Беларусі знойдзены ў Валожынскім, Дзятлаўскім, Камянецкім, Лагойскім, Стаўбцоўскім і Чэрыкаўскім раёнах [2-4].
Месцы росту. Вербнякі і зараснікі іншых хмызнякоў па берагах рэк, поймавых лугоў і ўскрайках балот.
Характар росту. Расце невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель са знішчэннем прыбярэжнай расліннасці, водапаніжэнне і гідрамеліярацыя, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Налібоцкім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру ў цяністых парках паблізу вадаёмаў, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 26, 1961; 2. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 3. Траццякоў (асаб. павед.); 4. Дубовік (асаб. павед.).

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць