Касач бязлісты (Iris aphylla L., 1753)
Парадак Касачакветныя (Iridales), сямейства Касачовыя (Iridaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрапейскі лесастэпавы рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўночна-заходняй мяжой арэала [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцным, ад асновы галінастым голым кветаносам вышынёй да 50 см і магутным кароткім паўзучым карэнішчам. Большая частка лісця ў прыкаранёвых веерападобных пучках, шырокае, лінейна-мечападобнае, серпападобна-выгнутае, па даўжыні роўнае кветаносу або некалькі даўжэйшае за яго. Лісце на кветаносе нешматлікае, да вяршыні паступова памяншаецца. Лісце абгорткі яйкападобнае або прадаўгаватае, уздутае, травяністае, зялёнае, нярэдка з пурпуровымі жылкамі. Кветкі буйныя, ярка-фіялетавыя, са слабым пахам, адзінкавыя, па 3-5 на кветаносе. Калякветнік з 6 лісцікаў, зрослых у ніжняй частцы ў трубку, якая ў 2 разы вышэй за завязь. Вонкавыя долі калякветніка з бародкай, утворанай шматлікімі жоўтымі валаскамі. Плод - прадаўгаватая трохгранная каробачка [3, 4]. У Беларусі расце падвід касача бязлістага - касач венгерскі, у якога кветкі панікаюць да цвіцення, а каробачка тупатрохгранная [3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Кветаносы паяўляюцца звычайна раней за лісце (адсюль відавая назва).
Пашырэнне. Сярэдняя Эўропа, Балканскі паўвостраў, Малая Азія [3]. У Беларусі знойдзены ў Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік) [5] і Вілейскім [6] раёнах.
Месцы росту. Астэпаваныя лугі, хмызнякі, узлескі і паляны.
Характар росту. Расце невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, збор квітучых раслін, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі ў месцах росту.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [7], батанічным садзе БДУ і Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [8], у Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і арганізацыя там спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Цвелев, 1979; 4. Федченко, 1976; 5. Клакоцкая, 1974; 6. Даныя гербарыя БДУ; 7. Кухарева, Пашина, 1986; 8. Моисеева, 1967; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Зубкевіч

Паведаміць пра недакладнасьць