Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)
Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі прэбарэальны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту на паўночнай і паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з 2 прадаўгавата-яйкападобнымі клубнямі і прамым голым сцяблом вышынёй 30-60 см. У ніжняй частцы сцябла 2 буйныя (даўжынёй 8-18 см), прадаўгавата-адваротнаяйкападобныя або эліптычныя, голыя глянцавыя лісты, звужаныя ў крылатыя чаранкі; вышэй іх - 1-3 дробныя ланцэтныя лісцікі. Кветкі зеленавата-белыя, без паху, сабраны ў рыхлае, шматкветкавае, цыліндрычнае коласападобнае суквецце даўжынёй 6-25 см. Губа суцэльная, лінейная; шпорац на канцы булавападобны. Плод - сухая каробачка [3-5].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [3, 4]. У Беларусі пераважна ў заходніх, паўднёвых і цэнтральных раёнах: Бярозаўскім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Камянецкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Менскім, Мядзельскім, Пружанскім, Рэчыцкім і іншых [5-9]. Раней адзначалася ў наваколлі Горадні, Магілева, на тэрыторыі Іванаўскага, Пінскага, Горацкага, Буда-Кашалёўскага, Калінкавіцкага, Мазырскага і Рэчыцкага раёнаў [10].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель, перавыпас жывёлы ў лясах, пашкоджванне клубняў дзікімі капытнымі жывёламі, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор квітучых раслін і клубняў).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку, батанічных заказніках «Шабрынскі», «Струменскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх вядомых месцах, якія не ахоўваюцца, пошук новых месцаў росту, рассяленне ў прыродныя экатопы.
Літ.: 1. Попов, 1949; 2. Козловская, Парфенов, 1972; 3. Флора СССР, т. 4, 1935; 4. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 7. Николаева, Зефиров, 1971; 8. Михайловская, 1953; 9. Пачоский, 1900; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.
І.Швец